2012-02-01 17:08:25

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: наданне імя


У рамках нашай рубрыкі “Веру, ведаю, разумею” мы пачынаем новы цыкл разважанняў, які будзе прысвечаны сакрамэнту хросту, самаму першаму сакрамэнту, які атрымлівае хрысціянін. Напэўна многія з нас не памятаюць таго моманту, калі дзякуючы хросту ўвайшлі ў супольнасць вернікаў і жадаюць пераасэнсаваць нанава значэнне гэтай вялікай таямніцы, таму, я думаю, будзе цікава разам паспрабаваць ўвайсці ў яе глыбіні. Адзначу, што ў нашых разважаннях нам будуць дапамагаць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё ўжо нам знаёмым нам італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні.

Мы засяродзім увагу на матэрыяльным выразе сакрамэнту хросту, на абрадзе, які складаецца з пэўных формул, жэстаў і малітваў. Каб не рабіць вельмі складанай нашу размову мы будзем разглядаць абрад хросту дзяцей і паспрабуем разабрацца ў значэнні кожнага з элементаў, якія ў яго ўключаны. У нашыя дні існуе негатыўнае стаўленне да абрадаў, бо ў свядомасці людзей многія з іх сапраўды былі спустошаны і згубілі сваю глыбіню і першапачатковае значэнне. Таму неабходна вельмі асцярожна і непрадузята падыходзіць да гэтай праблемы, каб выпадкова не адкінуць каштоўны дар, сапраўдную тямніцу, фізічны выраз нашай веры.

На пачатку сакрамэнта хросту, як дзяцей так і дарослых, адбываецца дыялог. Святар пытаецца ў бацькоў дзіцяці ці ў таго, хто атрымлівае сакрамэнт, калі размова ідзе аб дарослым чалавеку, якое імя яму будзе дадзена. Гэта традыцыя з’яўляецца вельмі цікавай. Аб першым этапе хросту – наданні імені і пойдзе гаворка ў сённяшняй праграме.

Наданне імя з’яўляецца вельмі важнай функцыяй, якую павінны выканаць бацькі на першапачатковым этапе жыцця свайго дзіцяці. З аднаго боку наданне імя можна ўспрымаць накшталт нейкай бюракратычнай працэдуры, пашпартнай ідэнтыфікацыі чалавека, бо усіх нованароджанных неабходна неяк рэгістраваць. Але ў выпадку сакрамэнта хросту гэта зусім не так. Першым крокам, які робяць бацькі ў адносінах да дзіцяці з’яўляецца пачатак фарміравання яго ідэнтычнасці. Бацькі, абіраючы імя для дзіцяці, павінны памятаць, што ён атрымае сваю ідэнтычнасць не толькі дзякуючы імені, якім будзе названы, але таксама праз стыль жыцця саміх бацькоў, іх адносіны са светам, словы, якія яны яму скажуць ці не скажуць. Пытаючыся бацькоў аб тым, якое імя яны абралі для свайго дзіцяці, святар дае ім зразумець, што яны маюць адказнасць за фарміраванне асобы гэтага дзіцяці. Як казаў адзін італьянскі святар кс. Арэнца Бэнці: “Тое, ХТО ты, кажа аб табе нашмат больш, чым тое, ШТО ты аб сабе расказваеш”.

Ітак, нам неабходна зразумець, што такое імя. Здольнасць даваць імёны розным рэчам ці феноменам, адрознівае чалавека ад усіх іншых стварэнняў. Памятаеце, што ў 2 раздзеле кнігі Быцця напісана: “Бог стварыў з зямлі ўсіх жывёлаў палявых і птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён назаве іх, і каб, якім імем назаве ўсякую душу жывую, такім і будзе яна называцца”. Атрымліваецца, што ў імені рэчаў адлюстроўваецца іх сутнасць. Узгадваецца адразу такі выраз: “Назавем рэчы сваімі імёнамі” – гэта значыць, будзем гаварыць праўду, абмяркоўваць сапраўдную прыроду рэчаў.

З іншага боку, заўсёды можна памыліцца і даць няправільнае імя. Напрыклад, прарок Ісая кажа: “Гора тым, якія зло называюць дабром, а дабро злом, цемру лічаць святлом, а святло цемраю, горкае лічаць салодкім, а салодкае горкім!”. Даванне неправільных імёнаў рэчам, можа азначаць не толькі памылку ў акрэсленні, але ў жыццёвай пазіцыі чалавека. Можна даць неправільнае імя, не разабрацца ў сутнасці чалавека, рэчаў, падзей.

У Святым Пісанні імёны заўсёды нясуць у сабе сэнсавае значэнне і па ім можна зразумець шмат аб персанажы ці геаграфічнай кропцы, з якой ён паходзіць. Імёны ў Бібліі больш нагадваюць нашы мянушкі, бо на іх адбіваецца нейкая падзея, звязаная з нашым жыццём, якая, можна сказаць становіцца ў многім вызначальнай для лёсу чалавека, яго месцы і функцыі ў грамадстве.

Вяртаючыся да першага этапу хросту, да надання імені, мы можам перафразіраваць пытанне святара. Ён нібыта пытаецца ў бацькоў аб тым, хто гэта дзіця, што гэта за чалавек і якога лёсу яму жадаюць бацькі. Важна, каб апошнія разумелі важнасць таго, што адбываецца. У яўрэйскай традыцыі рабіны кажуць: чалавек першае імя атрымлівае ад бацькоў, другое ад людзей, а трэццяе – паводле свайго жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.