2012-02-01 17:28:59

“Веру, ведаю, разумею”. Маліцеся пры кожнай нагодзе


У нашай сённяшняй праграме мы закончым серыю разважанняў аб “зброі святла”, падрыхтаваную спецыяльна для нашага радыё вядомым італьянскім святаром, катэхетам і біблістам кс. Фабіо Росіні. Нагадаю, што гаворка ідзе аб духоўных прыладах, неабходных кожнаму хрысціяніну для глыбокага духоўнага жыцця і эфектыўнай барацьбы з сіламі цемры, якія пастанна атакуюць нашы сэрцы. Аб гэтай незвычайнай “зброі” кажа св. Павел на старонках 6 раздзелу Паслання да Эфесцаў.

Сёння мы паразважаем аб апошніх словах апостала ў гэтым фрагменце. Св. Павел кажа: “Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне”. Ітак. Што мы бачым? Перш за ўсё тое, што шмат разоў паўтараецца заклік да малітвы. Акрамя таго, апостал падкрэслівае, што маліцца неабходна “малітвай і просьбай”. Давайце паспрабуем паразважаць над гэтымі словамі.

Слова “малітва” ўключае ў сябе перш за ўсё зварот да кагосці. Яно скіроўвае думаць аб тым, што існуе нехта, каго можна прасіць. Канешне, часцей за ўсё слова малітва ўжываецца ў адносінах да Бога.

Іншым элементам гэтага сказу з’яўляецца слова “просьба”, якое нам паказвае, што той, хто звяртаецца мае пэўную патрэбу – мы часта гаворым: “маю да вас адну просьбу”.

Абагульняючы, можна сказаць, што гаворка ідзе аб тым, каб звяртацца да таго, хто можа дапамагчы ў патрэбе. Увага! Сам па сабе такі зварот азначае тое, што мы ведаем, хто нам можа дапамагчы і ведаем да каго звяртаемся. Што такое малітва без няведання адрасата? Гэта сляпая малітва, якая, нажаль вельмі распаўсюджаная ў сучаснай культуры. Гэта малітва сама ў сабе або малітва без Бога. Такая малітва ажыццяўляецца навобмацак. У хрысціянскай малітве, мы павінны адчуваць Бога, мець асаблівую інтуіцыю, уваходзіць з ім у адносіны. Размаўляць з Тым, Каго ведаем. Малітва да Бога азначае таксама давер, блізкае знаёмства з Тым, да каго звяртаюся.

У другім сказе апостал Павел кажа “дбайце з усёй стараннасцю”. Слова “дбаць” азначае клапаціцца, прыкладаць намаганні. У грэцкай мове яно гучала як “агропрэо” – “зямля” і “сон”. Дбайны чалавек у старажытнагрэцкай культуры, гэта той, хто “спіць на полі”, хто праводзіць шмат часу, клапоцячыся аб добрым ураджаі ці бяспецы статку. Такія паралелі нагадваюць нам, што неабходна пастанна чуваць і клапаціцца аб тым, каб і наша жыццё было прыгожым і плённым.

Іншае слова “старанасць”. Яно звязана з вернасцю і сталасцю. Старанны чалавек – гэта той, які даводзіць справу да канца, нават негледзячы на існуючыя перашкоды і цяжкасці. Само слова “старанасць” ужо уключае ў сябе тое, што цяжкасці ўзнікаюць, але гэта здольнасць дапамагае іх пераадолець.

Ітак, апостал Павел нас заклікае быць вернымі ў малітве. Маліцца нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, а таксама маліцца ў кожнай сітуацыі. Часта мы молімся час ад часу, тады, калі для гэтага ўзнікае пэўная патрэба. Гэта таксама важна, але апостал падкрэслівае іншы аспект: маліцца пастанна. Маліцца, размаўляючы і звяртаючыся да Бога кожны дзень, як да Айца. Як будзе адчуваць сябе бацька, калі яго дзіця з ім не размаўляе? Як будзе адчуваць сябе бацька калі дзіця не імкнецца мець кантактаў з ім, а звяртаецца толькі ў час патрэбы?

Акрамя таго, не звяртаючыся пастаянна да Бога, мы забіваем сваю веру, бо цешымся сваёй самадастатковасцю. Думаем, што ў адных сітуацыях мы маем патрэбу ў Богу, а ў іншых не.

Такім чынам, вельмі важна маліцца заўсёды, у кожнай сітуацыі. Калі прачынаемся, і знаходзімся ў сітуацыі, у якой нам нічога не пагражае, малітва павінна быць адной з першых справаў, бо на працягу дня нас чакаюць шматлікія сітуацыі рознага характару, часам вельмі неспадзяваныя і складаныя. Да іх трэба быць падрыхтаваным. Неабходна стаць перад самім сабой і перад Богам і убачыць, што без Яго мы не можам нічога, а нашы намаганні без малітвы не прынясуць плёнаў.

Нарэшце апостал Павел заклікае “маліцца за ўсіх святых і за яго самаго”. Маліцца за святых, азначае маліцца за ўсіх хрысціян, за нашых братоў і сяброў. Акрамя таго, св. Павел просіць аб малітве за сябе самаго. Сам св. Павел, апостал народаў просіць за яго маліцца. Што казаць пра нас у такім выпадку?








All the contents on this site are copyrighted ©.