2012-02-01 15:49:21

Кс. Капроўскі: Касцёл паранены і шукаючы новых накірункаў


Кс. Анджэй Капроўскі, праграмны дырэктар Ватыканскага радыё, звяртае увагу на важнае значэнне Сусветнага эўхарыстычнага кангрэса ў кантэксце новай евангелізацыі. Форум пройдзе у сталіцы Ірландыі Дубліне 10-17 чэрвеня гэтага году. Нагадваючы словы Бэнэдыкта XVI святар адзначыў, што кангрэс стане магчымасцю сабраць усе мясцовыя Касцёлы вакол рэчаіснасці Эўхарыстыі, каб супольна святкаваць веру, а таксама ўзаемна ўзбагаціцца і адчуць адзінства і паўсюднасць Касцёла. На тэму адзінства указвае таксама дэвіз мерапрыемства: “Адзінства з Хрыстом і паміж намі”. Кс. Капроўскі звярнуў увагу на экуменічны аспект форума, бо ў ім прымуць удзел таксама дэлегацыі розных хрысціянскіх Цэркваў. “Сусветны эўхарыстычны кангрэс 2012 г. можа стаць каштоўнай магчымасцю для ўзаемнага дзялення з братамі і сёстрамі з іншых Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў, інтуіцыяй і мудрасцю прысутнай у іх царкоўным вопыце і структурах”, - нагадаў святар. Ён адзначыў, што прысутнасць Езуса на зямлі сёння магчыма дзякуючы веры яго вучняў, “позірк якіх скіраваны на Святое Пісанне і эўхарыстычныя жэсты”.

Кс. Капроўскі адзначыў, што Касцёл у Ірландыі, а разам з ім і Паўсюдны Касцёл – паранены і шукае новых накірункаў. У Ірландыі Касцёл сустракаецца з моцнымі секулярнымі тэндэнцыямі. “Колькасць вернікаў, якія наведваюць нядзельную св. Імшу апусцілася да 5% у найбольш бедных парафіях і каля 2% у сталіцы. Выпадкі педафіліі аслабілі веру многіх людзей, якія адчуваюць, што Касцёл іх падмануў ці здрадзіў”, - адзначыў кс. Анджэй Капроўскі.

Аднак, святар падкрэслівае, што ў новай сітуацыі, у якой рэлігійнасць часта з’яўляецца фармальнай і распаўсюджваюцца індывідуалісцкія тэндэнцыі, скіраваныя на пошук Бога без супольнасці Касцёла, Эўхарыстычны кангрэс становіцца асабліва важным. “Ён становіцца заклікам да пастаяннага аднаўлення эўхарыстычнага жыцця кожнага верніка”, - сказаў кс. Анджэй Капроўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.