Патрыярх Кірыл: час на сустрэчу з Папам яшчэ не настаў
Патрыярх Маскоўскі
і ўсяе Русі Кірыл у інтэрв’ю сербскай газеце “Вечэрніе Новості” сказаў, што адносіны
паміж Апостальскай Сталіцай і Рускай Праваслаўнай Царквой “палепшыліся”, але яшчэ
не настаў час так жаданай гістарычнай сустрэчы з Пантыфікам. “Яшчэ існуюць канфлікты,
якія павінны быць вырашаны з большай энергіяй і цалкам, каб такая сустрэча мела поспех”,
- сказаў Патрыярх. Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў, што СМІ бачаць
толькі “сенсацыйны аспект магчымай сустрэчы” і патлумачыў, што “не хоча”, каб усё
зводзілася да гэтага. “Мы павінны працаваць разам, каб карэнным чынам палепшыць атмасферу
гэтых адносін, вырашыць праблемы, якія існуюць паміж намі”, - сказаў Патрыярх Кірыл.
Ён адзначыў, што адносіны паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам
“значна палепшыліся за апошнія 10 гадоў. “Пытанне празелітызму ўжо не з’яўляецца настолькі
сур’ёзным, як гэта было ў 1990-х гадах, калі каталіцкія місіянеры прыбывалі ў Расію
для актыўнай працы”, - падкрэсліў прадстаяцель. На яго думку, змешаная камісія па
пытаннях, якія існуюць паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам у Расіі,
якая была створана ў 2004 г., адыграла ў гэтым сваю станоўчую ролю.