2012-01-29 11:01:34

Вена: беатыфікацыя Хільдэгарды Бур’ян


29 студзеня, у катэдральным касцёле св. Стэфана ў Вене, адбылася ўрачыстая беатыфікацыя Хільдэгарды Бур’ян, свецкай верніцы, маці, актыўнай палітычнай дзеячкі, заснавальніцы супольнасці “Сясцёр сацыяльнай любові”. Узначаліў беатыфікацыйную св. Імшу арцыбіскуп Венскі, кардынал Крыштаф Шонборн, а прадстаўніком Папы быў кардынал Анджэло Амато, старшыня Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Хільдэгарда Бур’ян нарадзілася ў 1883 г. у яўрэйскай сям’і ў мястэчку Гёрліц, на ўсходзе Германіі. Пасля шлюба з прадпрымальнікам Аляксандрам Бур’янам, пераехала ў Вену, дзе была абрана дэпутатам аўстрыйскага парламента. Яна бачыла сваю палітычную дзейнасць, як евангельскае служэнне. Актыўна абараняла правы прыгнечаных рабочых, заснавала Асацыяцыю рабочых хрысціян, дапамагала галодным, стварыла сетку дапамогі сем’ям, змагалася з выкарыстаннем дзіцячай працы. Акрамя таго, Хільдэгарда Бур’ян была цудоўнай маці. Яна не пагадзілася з парадамі урачоў зрабіць аборт, з прычыны небяспекі для здароўя, і нарадзіла дачку.Клапоцячыся аб бедных Хільдэгарда Бур’ян казала: “грашыма ці маленькай ахвярай нельга дапамагчы людзям, але трэба даць ім упэўненасць у тым, што яны з’яўляюцца асобамі і самі могуць даць нешта”.

У інтэрв’ю нашаму радыё кардынал Шонборн адзначыў, што жыццё бл. Хільдэгарды Бур’ян сведчыць аб тым, што святасць магчыма ў палітыцы.

“Магчыма стаць святым у палітыцы. Гэта вялікая радасць, што у асобе Хільдэгарды Бур’ян была беатыфікавана першая жанчына выбраная дэмакратычным шляхам. Для таго каб быць святым вельмі важна праўдзівасць. Яна нараджаецца ад адпаведнасці паміж верай і жыццём.Нішто так не сведчыць аб веры, як жыццё чалавека. Без сумневаў гэта было ў асобе Хільдэгарды Бур’ян. Яна была жанчынай з глыбокай верай, яна была сапраўднай хрысціянкай”, - сказаў арцыбіскуп Венскі.

Іерарх расказаў што новая благаслаўлёная сваімі ўчынкамі абвяшчала Евангелле і сёння для нас з’яўляецца прыкладам у кантэксце неабходнасці новай евангелізацыі. “Хільдэгарда з’яўляецца хрысціянай якая пераконвае без словаў, бо дзейнічае. У наш час мы павінны навучыцца нанава і зразумець, што значыць быць вучнямі. Для гэтага мы не маем патрэбаў у тэорыях, але ў прыкладах, асобах якія кажуць учынкамі. Што значыць быць вучнямі Езуса сёння? Дастаткова паглядзець на прыклад бл. Хільдэгарды Бур’ян, каб зразумець, што значыць быць сапраўднымі хрысціянамі!”, - сказаў кардынал Шонборн.








All the contents on this site are copyrighted ©.