2012-01-29 12:14:26

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: Для Бога ўлада азначае служэнне, пакору і любоў


29 студзеня, перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра ў Рыме ў святле веры ўбачыць, што Бог – гэта найвышэйшая і вечная Любоў, якая не можа жадаць нічога іншага, акрамя нашага дабра. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа – Евангелле сённяшняй нядзелі (Мк 1,21-28) паказвае нам Езуса, які ў суботу прапаведваў ў сінагозе ў Кафарнаўме, маленькім горадзе каля Галілейскага возера, дзе жылі Пётр і яго брат Андрэй. Яго навучанне, якое выклікала здзіўленне людзей, суправаджала вызваленне “чалавека, апанаванава нячыстым духам”, які прызнаў у Езусе “Святога Божага”, гэта значыць Месію. Праз некаторы час слава аб ім распаўсюдзілася па ўсім рэгіёне, у якім Ён абвяшчаў Валадарства Божае і словамі і учынкамі аздараўляў пакутуючых ад розных хваробаў. Св. Ян Хрызастом заўважыў, што Пан “чаргаваў словы і ўчынкі ў адносінах да слухачоў, вяртаючыся ад цудаў да словаў і наадварот навучаючы, а потым здзейсняючы цуды” (Hom. In Matthaeum 25,: PG 57, 328).

Слова, якое Езус скіроўваў да людзей неадкладна адкрывала ў людзях жаданне Айца і праўды аб саміх сябе. Аднак, так не адбывалася з кніжнікамі, якія праз доўгія разважанні намагаліся зразумець Святое Пісанне. Езус жа, яднаў сваё слова са знакамі вызвалення ад зла. Св. Афанасій заўважыў, што “кіраваць дэманамі і выганяць іх – гэта не людская справа, але Божая”; сапраўды, Пан “аддаляў ад людзей усе хваробы і слабасці. Хто, калі бачыў Яго сілу, мог сумнявацца ў тым, што Ён быў Сынам, Мудрасцю і Моцай Божай?” (Oratorio de Incarnatione Verbi 18.19: PG 25, 128 BC.129 B). Сіла Бога не з’яўляецца сілай прыроды. Гэта сіла любові Бога, якая стварыла сусвет, і праняўшы цела ў Адзінародным Сыне, сышла да ўзроўня нашай чалавечнасці і аздаравіла свет ад граху. Рамано Гуардзіні пісаў: “Усё існаванне Езуса, гэта перамяненне сілы ў пакору... гэта суверэннасць, якая прынізілася да ўзроўня слугі” (Il Potere, Brescia 1999, 141.142).

Часта для чалавека ўлада азначае валоданне, сілу, дамінаванне, поспех. Для Бога, наадварот – улада азначае служэнне, пакору, любоў; азначае увайсці ў логіку Езуса, які пахіляецца, каб вымыць ногі сваім вучням (пар. Ян 13,5), шукае сапраўднага дабра для чалавека, аздараўляе раны, здольны да такой вялікай любові, што можа аддаць сваё жыццё, бо сам з’яўляецца Любоўю. У адным са сваіх пасланняў св. Катарына Сіенская пісала: “Неабходна, каб мы ўбачылі і даведаліся па-сапраўднаму, у святле веры, што Бог – гэта найвышэйшая і вечная Любоў, і яна не можа жадаць нічога іншага, акрамя нашага дабра” (Ep. 13 in: Le Lettere, vol.3, Bologna 1999, 206).

Дарагія сябры, у наступны чацвер, 2 лютага, мы будзем адзначаць свята Ахвяравання Пана і Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. З даверам папросім Найсвяцейшую Панну Марыю, каб яна кіравала нашымі сэрцамі і дапамала дасягнуць Божай міласэрнасці, якая вызваляе і аздараўляе нашу чалавечнасць, прыміраючы ласку і дабразычлівасць з сілай любові.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа нагадаў, што 29 студзеня ў Вене адбылася беатыфікацыя Хільдэгарды Бур’ян і заклікаў падзякаваць Богу за прыклад яе сведчання Евангелля. Акрамя таго, Пантыфік адзначыў, што сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з праказай і Міжнародны дзень малітвы за мір у Святой Зямлі.

Святы Айцец прывітаў таксама шматлікую моладзь з руху “Каталіцкая Акцыя”, якая прыбыла на плошчу св. Пятра ў суправаджэнні сваіх бацькоў і настаўнікаў. Папа падзякаваў ім за ініцыятыву “Караван міра” і заахвоціў працягваць несці свету супакой Хрыста. Затым Бэнэдыкт XVI і некаторыя дзеці, з вакна Апостальскага палацу, выпусцілі галубей, як знак міра для Рыма і ўсяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.