Апостальская Сталіца-Палестынская Аўтаномія: умацаванне адносін
29 студзеня Заляй Друку Апостальскай Сталіцы было апублікавана паведамленне аб выніках
двухбаковай сустрэчы паміж прадстаўнікамі Апостальскай Сталіцы і Арганізацыі вызвалення
Палестыны. “Сустрэча адбылася 28 студзеня ў Рамале. Яе праводзілі пад-сакратар Апостальскай
Сталіцы па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Этторэ Балестрэро і кансультант Прэзідэнта
Палестынскай Аўтаноміі па адносінах з хрысціянамі міністр Зіад Аль-Бандак”, - гаворыцца
ў паведамленні. Адзначаецца, што “Палестынскі бок перадаў дэлегацыі Святога Пасада
адказ на праект двухбаковага пагаднення, прапанаваны Апостальскай Сталіцай падчас
папярэдняй сустрэчы”. Акрамя таго падкрэсліваецца, што “перамовы прайшлі ў пазітыўнай
атмасферы, якая спрыяе далейшаму умацаванню адносін паміж бакамі”.
Дэлегацыі
дамовіліся стварыць тэхнічную групу, для сумеснай працы над праектам пагаднення і
падрыхтоўкі наступнай пленарнай сесіі супольнай камісіі, якая пройдзе ў Ватыкане ў
бліжэйшай будучыні.