Апостальскі прэфект
Улан-Батара біскуп Вэнчэслао Падзілла выказаў задавальненне тым, што парламент Манголіі
скасаваў смяротнае пакаранне. Іерарх адзначыў, што гэта эпахальны крок мангольскага
народу ў адносінах да правоў чалавека. “На працягу доўгага часу Прэзідэнт Цахіягійн
Элбэгдорж заклікаў да адмены смяротнага пакарання”, - паведаміў іерарх. “Гэта важны
крок да павагі асноўных правоў чалавека, асабліва права на жыццё”, - сказаў Апостальскі
прэфект Улан-Батара.
Біскуп Падзілла паінфармаваў таксама аб сённяшняй сітуацыі
з правамі чалавека ў гэтай былой камуністычнай краіне. Ён паведаміў, што сітуацыя
значна палепшылася, а невялікая каталіцкая супольнасць, абвяшчаючы каштоўнасці Евангелля
ў Манголіі, садзейнічае захаванню правоў чалавека, асабліва права на жыццё і адукацыю.