2012-01-28 12:17:57

Мексіканцы прывітаюць Папу званамі ўсіх касцёлаў краіны


Кс. Хорхе Раўль Вільегас, галоўны каардынатар візіту папы Бэнэдыкта XVI у мексіканскі Леон, сказаў, што падчас прыбыцця Пантыфіка ў горадзе загучаць усе касцёльныя званы. “Мы таксама запрашаем усю Мексіку вітаць Папу такім чынам, і таму заклікаем людзей прынесці на сустрэчу са Святым Айцом маленькія званочкі”, - заявіў святар. Кс. Вільегас у размове з амерыканскім агенцтвам “CNA” распавёў аб падрабязнасцях візіту Бэнэдыкта XVI, запланаванага на 23-26 сакавіка гэтага года. Ён нагадаў, што падчас пяці візітаў Яна Паўла II у краіну, мексіканцы выкарыстоўвалі невялікія люстэркі для кіравання сонечных прамянёў на Папу. Такім чынам яны выказвалі сваю радасць і захапленне асобай Пантыфіка.

Святар дадаў, што да візіту будзе напісана афіцыйная песня, і што моладзь возьме актыўны ўдзел у сустрэчах са Святым Айцом. Для маладых людзей будзе арганізавана спецыяльная катэхетычная падрыхтоўка, прымеркаваная да візіту Папы. Кс. Вільегас падкрэсліў, што найвялікшым дарам, які мексіканцы могуць ахвяраваць Святому Айцу, з’яўляецца паглыбленне веры, каб сказаць Пантыфіку: мы верым, мы працягваем пакладаць надзею ў нашым адзіным пастыры, які з’яўляецца пастырам усіх пастыраў. Мы рады вітаць Цябе, Святы Айцец, ты наш пастыр, і мы хочам слухаць Цябе”.







All the contents on this site are copyrighted ©.