2012-01-27 11:43:27

Арцыбіскуп Зімоўскі: перамяніць праказу з пагрозы ў страшны ўспамін з мінулага


Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастрыства работнікаў сферы аховы здароўя, скіраваў пасланне з нагоды Сусветнага дня барацьбы з праказай, які будзе адзначацца 29 студзеня. У самой тэме звароту гучыць заклік: “У барацьбе з праказай неабходны уклад усіх людзей добрай волі”. Арцыбіскуп Зімоўскі нагадаў, што ў свеце жыве больш за 200 тыс. чалавек, якія пакутуюць ад гэтай хваробы, таму існуе тэрміновая патрэба ў “бесплатным распаўсюджванні неабходных медыцынскіх прэпаратаў, своечасовай дыягностыцы і настойлівасці ў лячэнні”.

“Евангельскія словы “Устань, ідзі, вера твая ўратавала цябе”, якія Бэнэдыкт XVI абраў тэмай свайго паслання на ХХ Сусветны дзень хворых, з’яўляюцца зваротам да тых, каго асаблівым чынам закранула хвароба”, - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што ў гэтым евангельскім фрагменце гаворка ідзе аб 10 хворых на праказу, якія пасля аздараўлення Езусам, “вярнуліся ў супольнасць, свой сацыяльны і працоўны кантэкст”.

Старшыня Папскай рады нагадаў, што Папа звяртае ўвагу на важнасць веры для тых, хто пакутуе ад хваробы, а таксама ўпэўненасці ў тым, што любоў Касцёла з’яўляецца працягам збаўчай місіі Езуса Хрыста. Акрамя таго, іерарх адзначыў, што дзейнасць асобных людзей, касцёльных і валанцёрскіх супольнасцяў у барацьбе з праказай, павінна падтрымлівацца таксама ўрадамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Арцыбіскуп Зімоўскі падкрэсліў, што таксама тыя, хто быў аздароўлены і прайшоў цяжкі шлях вяртання ў сацыяльны і працоўны кантэкст, могуць стаць сведкамі і дапамагаць іншым праз маральную падтрымку, а таксама супрацоўніцтва з рознымі структурамі і ініцыятывамі. “Толькі дзейнасць усіх і на ўсіх узроўнях дапаможа перамяніць праказу з пагрозы ў страшны ўспамін з мінулага”, - адзначыў арцыбіскуп Зімоўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.