2012-01-26 12:46:27

Бэнэдыкт XVI да семінарыстаў: больш чым красамоўныя і адукаваныя святары, патрэбныя святары святыя


RealAudioMP3 26 студзеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі выкладчыкаў і семінарыстаў трох Папскіх семінарый, двух рэгіянальных – у Катанцано і Умбрыі, і міжрэгіянальнай у Неапалі. Сустрэча адбылася з нагоды 100-годдзя заснавання гэтых навучальных устаноў. У сваёй прамове Папа адзначыў, што заснаванне гэтых семінарый у 1912 г. суправаджалася іх пераўтварэннем з дыяцэзіяльных у рэгіянальныя, а таксама рэформай семінарыйнай сістэмы адукацыі. Яе мэтай было “павышэнне якаснага ўзроўню адукацыі кандыдатаў да святарства, на падставе вывучэння больш шырокага спектру навук, павелічэння часу навучання, некаторых структурных змен”, а таксама “дзякуючы супольнаму жыццю семінарыстаў з розных дыяцэзіяльных рэчаіснасцяў”. “У цяперашнім гістарычным і эклезіяльным кантэксце вопыт рэгіянальных семінарый з’яўляецца актуальным і каштоўным. Дзякуючы сувязі паміж тэалагічнымі факультэтамі і інстытутамі можна дасягнуць больш высокага ўзроўню адукацыі, спрыяючы адпаведнай падрыхтоўцы кандыдытаў да дзейнасці ў складанай культурнай і сацыяльнай сітуацыі, у якой мы жывем зараз”, - сказаў Папа. Акрамя таго, Святы Айцец падкрэсліў, што рэгіянальны характар семінарый дае ім магчымасць быць пасярэднікамі паміж дзейнасцю Паўсюднага Касцёла і актуальнымі мясцовымі патрэбамі.

Пантыфік адзначыў, што рэгіёны, у якіх знаходзяцца семінарыі маюць багатую духоўную спадчыну, але ў той жа час пакутуюць ад цяжкіх сацыяльных праблем. “На гэтых землях касцёльныя супольнасці павінны лічыцца з такімі тэрміновымі сацыяльнымі і культурнымі праблемамі як: беспрацоўе, асабліва сярод моладзі, і феномен арганізаванай злачыннасці”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Гаворачы аб падрыхтоўцы семінарыстаў, Папа адзначыў, што вывучэнне тэалогіі павінна быць знітавана з малітвай, а ў святарскім служэнні важна захоўваць гармонію паміж шматлікімі відамі дзейнасці і духоўным жыццём. Святы Айцец нагадаў прысутным словы папы Яна ХXІІІ аб тым, што свет патрабуе святых. “Больш чым святары выхаваныя, красамоўныя і адукаваныя, патрэбныя святары святыя, якія нясуць святасць”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.