2012-01-26 13:56:06

Арцыбіскуп Тамазі: сярод членаў ААН расце жаданне знішчыць атамную зброю


У сядзібе ААН у Жэневе адбываецца Канферэнцыя па атамным раззбраенні. У інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Сільвано Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры гэтай арганізацыі, адзначыў важнасць прыняцця рашэнняў, якія б абмежавалі распаўсюджанне матэрыялаў для стварэння атамнага ўзбраення. “Яшчэ некалькі гадоў назад існавалі толькі пяць сіл у свеце, якія валодалі атамнай зброяй, сёння, нягледзячы на ўсе намаганні абмежаваць і зменьшыць прысутнасць у свеце гэтых страшэнных інструментаў смерці, існуе шмат дзяржаў, якія маюць атамную бомбу і тых, якія б жадалі яе мець і намагаюцца завалодаць ёй. У публічнай думцы пакуль вядзецца не шмат размоў аб сур’ёзнай і рэальнай небяспецы, што атамная зброя можа быць выкарыстана ў свеце – праз памылку або з-за адсутнасці гуманнасці нейкага лідэра, ці з іншых непрадбачных нагодаў”.

Прадстаўнік Ватыкана адзначае, што сярод членаў ААН расце свядомасць і вялікае жаданне заблакаваць і знішчыць гэтую зброю. Аднак для аптымізма пакуль мала падстаў, бо Пакістан блакуе працэдуру, якая магла б прывесці да канкрэтнага пагаднення. Усё гэта спрыяе недаверу да Канферэнцыі па раззбраенні, паведаміў арцыбіскуп Тамазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.