2012-01-25 14:15:58

Румынскі іерарх: пратэсты супраць урада маюць свае падставы


10-ы дзень у Румыніі праходзяць маніфестацыі пратэсту супраць беднасці і дарагавізны. У інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Бухарэстскі Ёан Рoбу падкрэсліў, што карані зла ляжаць у некампетэнтнасці і карумпаванасці ўрада. Пасля ўваходу краіны ў Еўрасаюз эканамічная сітуацыя палепшылася, але хутка ёй пачало карыстацца невялікае кола людзей пры ўладзе. Іерарх паведаміў, што на працягу доўгага часу не можа сустрэцца з Прэзідэнтам краіны, каб высветліць спрэчныя пытанні.

Cтаршыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Румыніі адзначыў, што свабода перамяшчэння румынцаў па краінах ЕС нарадзіла таксама і праблемы. Многія сем’і падзелены эміграцыяй, дзеці растуць без бацькоў, адчуваецца недахоп рабочых некаторых прафесій. Арцыбіскуп упэўнены, што народны пратэст, які вырас з недаверу да ўрада, мае свае падставы. На яго думку, ад маральнага крызісу і крызісу веры, у якім апынулася Румынія, паходзяць шматлікія беды як у эканоміцы, так і ў грамадскім жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.