Бэнэдыкт ХVI: адзінства прыдзе паводле Божага часу – не нашага
25 студзеня ў базыліцы св. Паўла за Мурамі адбыліся ўрачыстыя нешпары свята навяртання
св. апостала Паўла. Іх узначаліў Бэнэдыкт ХVI. У сваім казанні Папа нагадаў гісторыю
св. Паўла, які з жорсткага праціўніка Касцёла перамяніўся ў нястомнага апостала. Пантыфік
сказаў, што навяртанне Паўла па дарозе ў Дамаск паказвае, што падобная перамена не
з’яўляецца вынікам інтэлектуальнага працэсу або асабістых намаганняў. Гэта – плён
Божай ласкі, як і навяртанне з амаральнасці да маральнасці.
Святы Айцец нагадаў
аб падзелах, якія існуюць паміж хрысціянамі. “Аб’яднаныя ў Хрысце, мы пакліканы падзяляць
Яго місію, якая заключаецца ў нясенні надзеі туды, дзе пануюць несправядлівасць, нянавісць
і безнадзейнасць. - сказаў Пантыфік - Падзелы паміж намі прыцямняюць святло нашага
сведчання аб Хрысце. Поўнае адзінства, якога чакаем з творчай надзеяй і за якое з
даверам молімся, не з’яўляецца перамогай другога парадку, але найважнейшай перамогай
для дабра чалавечай сям’і”,- сказаў Бэнэдыкт ХVI.
Святы Айцец адзначыў, што
ў сённяшняй культуры, перамога часта спалучана з ідэяй хуткага поспеху. У хрысціянскай
перспектыве, аднак, перамога з’яўляецца доўгім і складаным працэсам перамен і ўзрастання
ў дабрыні. Гэта перамога “прыдзе паводле Божага часу, не нашага, і патрабуе ад нас
глыбокай веры і церпялівасці”, - падкрэсліў Папа. Паводле яго, церпялівае чаканне
не звязана з пасіўнасцю або слабасцю, але гатоўнасцю адказаць на любую магчымасць
адносін і братэрства, якія Пан дорыць нам. І хоць дарога да адзінства нялёгкая і доўгая,
паводле Святога Айца, ужо ёсць станоўчыя знакі адноўленага братэрства і агульнага
пачуцця адказнасці ў абліччы вялікіх праблемах, ад якіх пакутуе сучасны свет.