2012-01-25 14:22:42

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: адзінства хрысціянаў павінна ясна заззяць у гісторыі


25 студзеня ў Залі Паўла VI у Ватыкане Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі падчас агульнай аўдыенцыі. Сваю сённяшнюю катэхезу Пантыфік прысвяціў малітве Езуса, скіраванай да Айца ў момант укрыжавання і праслаўлення. Папа адзначыў, што зразумець глыбокі сэнс словаў Хрыста можна толькі памятаючы аб тым, што гэтыя біблійныя падзеі адбываліся падчас святкавання юдэйскага свята адкуплення, калі першасвятар прасіў Бога аб асвячэнні сябе, святароў і ўсяго ізраільскага народа. “Малітва Езуса, прадстаўленая нам у 17 раздзеле Евангелля ад Яна, перадае структуру гэтага свята. Езус звяртаецца да Айца ў той момант калі ахвяруе самаго сябе. Ён, святар і ахвяра, просіць за сябе, апосталаў і ўсіх тых, хто ў Яго верыць, за Касцёл ва ўсе часы”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец адзначыў, што ўкрыжаванне Хрыста з’яўляецца момантам Яго ўласнага праслаўлення, аб чым Пан сам пачаў казаць, адразу пасля таго як быў здраджаны Юдам: “Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім”. Папа падкрэсліў, што дабраахвотнае прыняцце крыжа Езусам з’яўляецца найвышэйшым актам любові і праслаўлення, бо “любоў, гэта сапраўдная і Боская хвала”.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што ў сваёй малітве Езус таксама прысвяціў Богу сваіх вучняў, кажучы: “Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб яны былі асвячаныя ў праўдзе”.

“Асвечаны, гэта той, хто, як Езус, аддзелены ад свету і пастаўлены Богам для выканання пэўнага задання, і, такім чынам, даступны ўсім. Для вучняў, гэта азначала заданне працягваць місію Хрыста. Быць прысвечаным Богу, гэта значыць служыць усім”, - сказаў Папа.

Іншым момантам на якія звярнуў увагу Пантыфік, была малітва за Касцёл ва ўсе часы, у якой Езус маліўся таксама і за нас: “Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга”. “Галоўнай просьбай святарскай малітвы Езуса, прысвечанай Яго вучням ва ўсе часы, з’яўляецца просьба аб адзінстве ўсіх, хто верыць у Яго. Гэта адзінства не з’яўляецца выдумкай свету. Яно паходзіць толькі ад Боскага адзінства і прыходзіць да нас ад Айца праз Сына і Святога Духа. Езус просіць аб дары, які паходзіць з неба і які мае свае канкрэтныя эфекты на зямлі”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа адзначыў, што адзінства хрысціян з аднаго боку з’яўляецца рэчаіснасцю, якая знаходзіцца ў сэрцах веруючых людзей, але ў той жа час, “яна павінна ясна заззяць у гісторыі, бо свет верыць толькі ў практычныя і канкрэтныя мэты”. “Адзінства будучых вучняў, будучы адзінствам з Езусам, якога Айцец паслаў у свет, з’яўляецца таксама крыніцай эфектыўнай хрысціянскай місіі”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў святарскай малітве Езус засноўвае Касцёл, які з’ўляецца “супольнасцю вучняў, што праз веру ў Езуса Хрыста пасланага Айцом, атрымлівае сваё адзінства і ўключаецца ў місію збаўлення свету, знаёмячы яго з Богам”.

Папа адзначыў, што малітва Хрыста вучыць нас маліцца аб тым, каб і мы маглі маліцца, любіць іншых, памятаць аб праблемах усяго свету, прасіць аб бачным адзінстве хрысціян, “быць гатовымі адказаць любому, хто спытае нас аб крыніцы надзеі якую маем”.

Пасля катэхезы Святы Айцец прывітаў прысутных на аўдыенцыі вернікаў з розных краін свету. Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на студэнтаў Экуменічнага ўніверсітэта ў Босэ, якія знаходзяцца з візітам у Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.