2012-01-24 14:20:18

Славакія зноў запрашае Папу


Спікер славацкага парламента Павол Грушоўскі падчас свайго візіту ў Ватыкан скіраваў чарговае запрашэнне папе Бэнэдыкту XVI наведаць яго краіну. Прэзідэнт Славкіі Іван Гаспаровіч і біскупская канферэнцыя ўжо запрасілі год таму Святога Айца наведаць Братыславу і Нітру падчас святкавання 1150-га юбілею прыбыцця ў рэгіён былой Вялікамараўскай імперыі святых Кірыла і Мятода. Грушоўскі прабываў у Рыме на мінулым тыдні па запрашэнні італьянскіх парламентарыяў.

У мінулагоднім запрашэнні адзначалася, што аптымальным часам наведання Славакіі мог бы стаць ліпень 2012 г. Прэс-сакратар славацкай Канферэнцыі Біскупаў кс. Ёзэф Ковачык паведаміў, што Святы Пасад не даў “ні станоўчага, ні адмоўнага адказу”. “Гэта дазваляе нам спадзявацца”, - сказаў святар.

Апостальскі нунцый у Славацкай Рэспубліцы арцыбіскуп Марыё Джордана сказаў некалькі дзён таму, што ўсё яшчэ не прынята рашэнне па гэтым пытанні. Ён чакае з “сэрцам поўным надзеі”, што Папа прыедзе ў Славакію.







All the contents on this site are copyrighted ©.