2012-01-24 13:26:26

Арцыбіскуп Чэллі каментуе пасланне Папы: “маўчанне – золата”


RealAudioMP3 24 студзеня ў Залі Друку Апостальскай Сталіцы адбылася прэзентацыя Паслання Бэнэдыкта XVI на 46-ы Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі на тэму: “Маўчанне і Слова: шлях да евангелізацыі”. Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, падкрэсліў падчас прэзентацыі, што Святы Айцец у сваім пасланні аналізуе культуру чалавечых адносін: “У апошнія гады Папа быў вельмі ўважлівы да працэсаў і дынамікі камунікацыі, асабліва ў кантэксце культурных зменаў, якія адбываюцца ў рэчышчы развіцця тэхналогій”. Паводле іерарха, Святы Айцец звяртае ўвагу на класічны аспект чалавечых адносін: маўчанне і спалучэнне маўчанне-слова.

Кіраўнік Паскай рады нагадаў старажытную мудрасць аб тым, што маўклівае слуханне можа выказваць блізкасць, салідарнасць і клопат аб іншым. Маўчанне, паводле арцыбіскупа Чэллі, з’яўляецца актыўным стаўленнем – дае іншаму прастору для выказвання. Іерарх звярнуў увагу, што Святы Айцец ставіць фундаментальнае пытанне, якім з’яўляецца пошук праўды. Гэта, у сваю чаргу, гаворыць аб важнасці маўчання як прывілеяванага стану, у якім чалавечая істота знаходзіцца сама перад сабой і перад Богам.

На думку старшыні Папскай рады, Святы Айцец у некалькіх словах змог дапамагчы нам пазнаць таямнічае вымярэнне адносін паміж сузіраннем і апостальствам. “Менавіта ў гэтай таямніцы нараджаецца місія Касцёла, якая заахвочвае хрысціянаў быць прапаведнікамі надзеі і збаўлення, сведкамі любові, якая спрыяе чалавечай годнасці і стварае справядлівасць і мір”, - падкрэсліў арцыбіскуп Чэллі падчас прэзентацыі Паслання Бэнэдыкта XVI на 46-ы Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.