2012-01-21 12:44:21

“Octava Dies”: Агульнахрысціянскі адказ сучаснікам на іх смагу праўды


Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, Дырэктар Ватыканскага радыё прысвяціў сваю штотыднёвую рубрыку “Octava Dies ” праходзячаму ў Касцёле Тыдню малітвы за адзінства хрысціян. Кіраўнік Залі друку Апостальскай Сталіцы цытуе словы Папы, сказаныя 18 студзеня на Агульнай аўдыенцыі, бо серада сёлета прыпала як раз на пачатак Тыдня адзінства: "Новая евангелізацыя можа стаць больш плённай, калі ўсе хрысціяне разам будуць абвяшчаць праўду Евангелля Езуса Хрыста і даваць агульны адказ на смагу нашых часоў”. Кс. Ламбардзі адзначае, што такім чынам у чарговы раз стаецца відавочна, наколькі важнае значэнне мае экуменічная накіраванасць для сучаснага свету – ў місіі Касцёла і ў асноўных напрамках цяперашняга пантыфікату. “Тэма новай евангелізацыі, што вядзе нас да адмысловага Сіноду біскупаў, які адбудзецца гэтай восенню, цесна пераплецена з экуменізмам”, - звяртае ўвагу кіраўнік Залі Друку.

Далей святар кажа: “Год Веры, абвешчаны Папам, таксама будзе мець экуменічнае вымярэнне, прычым на універсальным узроўні. Для гэтага прадугледжаны спецыяльныя цэлебрацыі, аб чым гаворыцца ў нядаўна прынятым дакуменце Кангрэгацыі Веравучэння, паводле якога "адзінства ўсіх хрысціян з'яўляецца адной з галоўных мэт ІІ Ватыканскага сабора".
“Духоўная смага нашых сучаснікаў патрабуе агульнага адказу, які павінен быць, нягледзячы на цяжкасці, праўдзівым і дзейсным.”

Далей кс. Ламбардзі кажа: “Папа, прымаючы ​​фінскую лютэранскую дэлегацыю, адзначыў, што этычныя пытанні ў апошні час сталі адным з пунктаў разыходжанняў між хрысціянамі, а вось шчырая згода між хрысціянамі па антрапалагічным пытанні могла б дапамагчы грамадству і палітыкам прымаць мудрыя і справядлівыя рашэнні па важных пытаннях чалавечага жыцця, сям'і і сексуальнасці ". “Іншымі словамі, адзінства неабходна і для ўз'яднання ў веры, і для службы прагрэсу чалавецтва”, - падкрэсліў кіраўнік Залі Друку.








All the contents on this site are copyrighted ©.