2012-01-20 15:21:10

Кс. Мілан Жуст пра экуменізм: трэба заўважаць маленькія крокі наперад


RealAudioMP3 У сённяшнім нумары “L’Osservatore Romano” кс. Мілан Жуст, супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, піша пра стан экуменічных адносін з Праваслаўнымі Цэрквамі. Ён узгадва словы праваслаўнага багаслова а. Паўла Фларэнскага, які лічыў, што адшуканне адзінства падзеленых хрысціян можа стаць сапраўды выратавальным для ўсяго чалавецтва. Трэба “заўважаць маленькія крокі наперад і радавацца тым рошчынам, якія паступова развіваюцца, і тым плёнам, якія абяцаюць багаты ўраджай у адпаведны час”, - лічыць славенскі езуіт.

Святар узгадвае асноўныя мінулагоднія падзеі, важнейшай з якіх ён лічыць візіт кардынала Курта Коха ў сакавіку ў Маскоўскі Патрыярхат і яго сустрэчу з Патрыярхам Кірылам. Кс. Жуст піша таксама пра візіт Мітрапаліта Іларыёна ў верасні ў Ватыкан і яго сустрэчу са Святым Айцом.

На думку супрацоўніка Папскай рады, адной з самых важных падзей мінулага года стала восеньская каталіцка-праваслаўная канферэнцыя ў Мінску. Ён нагадвае пра добрыя кантакты з Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату і Сербскай Праваслаўнай Царквой.

Кс. Жуст падкрэслівае, што апроч мерапрыемстваў, арганізаваных Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, развіваюцца шматлікія кантакты паміж католкіамі і праваслаўнымі на дыяцэзіяльных і мясцовых узроўнях. “Тое, што сапраўды важна ў адносінах да сутнасці экуменізму, - падкрэслівае кс. Жуст, - гэта ўнутранае ўзрастанне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.