Папа да лютэранаў: адзінства хрысціян – Божы дар, а не наша ўласнае дасягненне
19 студзеня, у дзень
св. Генрыха, Бэнэдыкт ХVI прыняў дэлегацыю лютэран з Фінляндыі на чале з біскупам
Хельсінкі Тэму Сіппо і біскупам Міккелі Сэпо Хякіненам. Папа выказаў сваю радасць,
што ў чарговы раз фінская дэлегацыя прыбыла са штогадовай экуменічнай пілігрымкай
у Рым да магілы святога апекуна Фінляндыі. Гэта, на думку Святога Айца, пацвярджае
прыхільнасць экуменічным традыцыям і працэсам паяднання хрысціян розных веравызнанняў
у краіне. Ён падкрэсліў, што сучасны свет мае асаблівую патрэбу агульнага сведчання
аб Хрысце. Папа адзначыў, што, нягледзячы на розніцы, неабходна паскараць працэсы
ўзаемнага паяднання ўнутры падзеленага хрысціянства.
Бэнэдыкт ХVI нагадаў,
што ў апошні час спрэчнымі сталі этычныя пытанні, што прымушае шукаць згоды ў хрысціянскай
антрапалогіі. Гэта, на думку Папы, “зможа дапамагчы грамадству і палітыкам прымаць
мудрыя і справядлівыя рашэнні ў дачыненні да важных пытанняў жыцця чалавека, яго сексуальнасці
і сям’і”.
Святы Айцец заклікаў хрысціян да церпялівай сумеснай працы. “Усведамленне
таго, што Бог з любоўю ўваходзіць у нашу гісторыю, вучыць нас не спадзявацца выключна
на нашы ўласныя сілы,” - сказаў Пантыфік. “Наша жаданне поўнага і бачнага адзінства
патрабуе церпялівага даверу, але не ў духу бездапаможнасці або пасіўнасці, а глыбокай
веры, што адзінства ўсіх хрысціян у адзіным Касцёле з’яўляецца Божым дарам, а не нашым
уласным дасягненнем”, - падкрэсліў Святы Айцец.