2012-01-18 13:26:03

Арцыбіскуп Чэллі задаволены працай новага інфармацыйнага партала Ватыкана


Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, адзначыў, што ватыканскі інфармацыйны партал www.news.va штодзённа наведваюць каля 10 тыс. чалавек. “Я думаю, што для сайта, які існуе ўсяго некалькі месяцаў, гэта вельмі добры вынік”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “CNA”. Арцыбіскуп Чэллі адзначыў, што падчас святкавання Божага Нараджэнння сайт наведвала каля 16 тыс. чалавек у дзень, з якіх 52% заходзілі на вэб-старонку ўпершыню.

Іерарх расказаў, што з дапамогай сайта за ватыканскімі навінамі сочаць людзі з 180 краін свету. Сёння, гэта крыніца інфармацыі даступная на англійскай, іспанскай і італьянскай мовах, але ідзе праца над тым, каб зрабіць версіі на французскай і партугальскай. “Такім чынам праз год у нас узнікне вэб-старонка на пяці мовах”, - сказаў арцыбіскуп Чэллі.

Сайт навін www.news.va пачаў сваю дзейнасць у чэрвені 2011 г. Старт яго працы даў Бэнэдыкт XVI, які з дапамогай кампутарнага планшэта адправіў паведамленне ў “Twitter”: “Дарагія сябры, я толькі што запусціў сайт www.news.va. Пахвалёны Езус Хрыстус! З малітвай і благаслаўленнем, Бэнэдыкт XVI”.

Інфармацыйны партал www.news.va з’яўляецца месцам, дзе канцэнтруецца найбольш актуальная і цікавая інфармацыя з усіх ватыканскіх СМІ: інфармацыйнага агенцтва “Fides”, газеты “L’Osservatore Romano”, Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлецэнтра.








All the contents on this site are copyrighted ©.