2012-01-18 12:04:21

18 студзеня распачаўся Тыдзень малітвы за адзінтва хрысціянаў


Сённяшняя “L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на тэму Тыдня малітвы за адзінства хрысціянаў, які паслядоўнікі Хрыста адзначаюць з 18 па 25 студзеня. Газета падкрэслівае, што яго дэвізам сёлета з’яўляюцца словы з Першага паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў: “Перамененыя перамогай Езуса Хрыста”. “Матэрыялы для разважанняў былі падрыхтаваны ў Польшчы прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, старакаталіцкай і пратэстацкай супольнасцяў”, - адзначае ватыканскае выданне.

Газета падкрэслівае, што аўтары разважанняў звярнулі ўвагу на тое, што значыць “перамагчы” і “страціць”, асабліва ў момант, калі “перамога” вельмі часта ўспрымаецца з пункту гледжання трыумфалізма. “L’Osservatore Romano“ піша, што Хрыстус паказаў нам зусім іншы шлях. Ён сказаў да сваіх вучняў: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе апошнім з усіх і слугою ўсіх” (Мк 9,35). Гэтыя словы кажуць пра перамогу шляхам узаемнай службы, праз дапамогу і спрыянне людзям пакінутым і адчужаным грамадствам. Для ўсіх хрысціян найлепшым выразам гэтага пакорнага служэння з’яўляецца асоба Езуса Хрыста. У Яго жыцці, учынках, у Яго навучанні і пакутах, смерці і ўваскрасенні, мы знаходзім сёння натхненне для пераможнай веры, якая выражаецца ў сацыяльным служэнні, у духу пакоры і вернасці Евангеллю”. – адзнанчаецца ў ватыканскім выданні.

Аўтары падкрэсліваюць, што адзінтва, за якое мы молімся, не з’яўляецца выключна “выгодным” паняццем сяброўства і супрацоўніцтва; яно патрабуе намаганняў па выключэнні ўсялякай канкурэнцыі паміж хрысціянамі розных дэнамінацый. “Мы павінны адкрыць сябе адзін аднаму, дарыць і атрымліваць дары адно ад аднаго, каб увайсці ў жыццё ў Хрысце, які з’яўляецца адзінай сапраўднай перамогай”, - падкрэсліваецца ў артыкуле “L’Osservatore Romano”.

Служба папскіх літургічных цэлебрацый паведаміла сёння, што ў базыліцы св. Паўла за Мурамі, на заканчэнне Тыдня малітвы за адзінства хрысціянаў, 25 студзеня, Святы Айцец узначаліць урачыстыя нешпары ўрачыстасці Навяртання апостала Паўла.








All the contents on this site are copyrighted ©.