Кс. Капроўскі: Касцёл і сусветны эканамічны крызіс
Праграмны дырэктар Ватыканскага радыё, кс. Анджэй Капроўскі, заклікае паглядзець,
як дзейнічае Касцёл перад абліччам сусветнага эканамічнага і фінансавага крызісу.
Святар адзначае, што, з аднаго боку, крызіс справакаваў вялікія хваляванні людзей
і шматлікія “рэфармісцкія” ініцыятывы, а з другога, недавер да палітычных і эканамічных
эліт і да цэлых “блокаў краін”. “Думаючы аб крызісе, мала хто ўзгадвае аб закліках,
якія рабілі Павел VI, Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Часта людзі з усмешкай успрымаюць
заяўленні біскупскіх канферэнцый, аб тым, што неабходна перш за ўсё памятаць пра годнасць
чалавечай асобы: паставіць у цэнтр кожнага чалавека, асабліва бедных, якія з’явіліся
ў выніку развіцця эканамічных, палітычных, сацыяльных і культурных механізмаў”, -
адзначае кс. Капроўскі. Святар падкрэслівае, што “мала хто памятае аб словах галоўнага
рабіна Рыма, які адзначаў, што “рынак” калі становіцца мэтай сам па сабе, разбурае
раўнавагу і спрыяе з’яўленню культуры спажывецтва, супрацьлеглай чалавечай годнасці”.
Гаворачы
аб укладзе Касцёла ў пераадоленне гэтага крызісу, кс. Капроўскі нагадвае, што Касцёл
не прапануе тэхнічных вырашэнняў праблем, але дае накірунак, у якім неабходна рухацца
– “накірунак, фундаментам якога з’яўляецца годнасць асобы”, заснаваная на паходжанні
чалавека ад Бога.
Праграмны дырэктар Ватыканскага радыё заўважае, што ў сучасным
свеце існуе няправільнае разуменне хрысціянства і Касцёла і таму па ініцыятыве Папы
была створана спецыяльная Рада па новай евангелізацыі, мэтай якой з’яўляецца знаёмства
з скарбам веры, які нанава павінна адкрыць Еўропа.
Святар нагадаў заклік Бэнэдыкт
XVI да манаскіх кангрэгацый, касцёльных супольнасцяў і рухаў, спрыяць пошуку шляхоў
выхаду з крызіса, праз яднанне “духоўнага вымярэння з сацыяльным”, а таксама выказаў
спадзяванні на ўклад у гэты працэс Сінода Біскупаў аб новай евангелізацыі і іншых
буйных мерапрыемстваў, якія пройдуць на працягу гэтага года.