2012-01-17 14:51:04

Касцёл у Бельгіі: кампенсацыю возьмуць на сябе самі сексуальныя злачынцы


Як паведаміў 17 студзеня агенцтву “SIR” кс. Томмі Шолтэс, адказны за СМІ ў Канферэнцыі Біскупаў Бельгіі, працягваецца супрацоўніцтва Касцёла з органамі правасуддзя краіны ў вырашэнні спраў, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі некаторых святароў. Сёння следчыя органы пачалі працу ў сядзібе дыяцэзіі Бруге. Як паведаміў журналістам кс. Шолтэс, на мінулым тыдні біскупы і настаяцелі манаскіх кангрэгацый Бельгіі прадставілі СМІ спецыяльны дакумент, прысвечаны працягу расследвання сексуальных злачынстваў, кампенсацый за іх і прафілактыцы. У дакуменце падкрэсліваецца асабістая адказнасць сексуальных злачынцаў за свае дзеянні і гучыць запрашэнне да ахвяраў прадстаўляць адпаведныя заявы непасрэдна ў органы правасуддзя.

Як адзначыў прадстаўнік біскупскай канферэнцыі, гэта паспрыяе празрыстасці спраў і клопату аб ахвярах злачынстваў, а таксама прадухіленню падобных сітуацый у будучыні. На сайце епіскапату падрабязна апісаны парадак працэдур, неабходных для папярэджання і выяўлення сексуальных злачынстваў, а таксама лячэння ран, звязаных з імі. Таксама гаворыцца, што ў спецыяльным пастырскім лісце біскупы замацавалі сістэму матэрыяльнай кампенсацыі. Адказнасць за зварот маральнага і фізічнага ўрону возьмуць на сябе самі злачынцы, і зробяць гэта за кошт уласных сродкаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.