2012-01-17 13:06:25

Кардынал Кох: Тыдзень малітвы за адзінства хрысціян павінен паказаць змест экуменізму


RealAudioMP3 Карыднал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў інтэрв’ю агенцтву “SIR” з нагоды Тыдня малітвы за адзінства хрысціян, які пачынаецца ва ўсім Касцёле 18 студзеня, адзначыў прагрэс у экуменічным і міжрэлігійным дыялогу ў перыяд пасля ІІ Ватыканскага Сабору. Ён нагадаў, што Рада спрыяння хрысціянскаму адзінству, якая была створана папам Янам ХХІІІ у 1960 г., яшчэ напярэдадні Сабору, сёння вядзе дыялог з 16 рознымі супольнасцямі ўнутры хрысціянства.

Гаворачы аб стане дыялогу з праваслаўнымі і пратэстантамі, кіраўнік дыкастэрыі адзначыў, што калі ў выпадку дыялогу з праваслаўнымі ўдалося зрабіць шмат крокаў да набліжэння, то з пратэстанцкімі супольнасцямі дыялог ўскладніўся. З’явіліся тры новыя выклікі: вялікая колькасць рэфармацкіх Цэркваў і з’яўленне ўсё новых, разнастайнасць падыходу да пытанняў этыкі і рознае разуменне мэты экуменізму. Многія рэфармацкія супольнасці бачаць адзінства як суму ўсіх Цэркваў. “Такі экуменічны погляд мы як католікі не можам прыняць”, - падкрэсліў кард. Кох.

Кардынал адзначыў новую з’яву ў экуменізме – пераход англіканаў у каталіцтва. Трэба нагадаць, - падкрэсліў іерарх, - што Святы Айцец ясна вызначыў спецыфіку дадзенай з’явы ў спецыяльнай Апостальскай канстытуцыі “Anglicanorum coetibus.”

“ІІ Ватыканскі Сабор гаварыў аб духоўнасці як душы экуменічнага руху і, у гэтым сэнсе, Тыдзень малітвы за адзінства хрысціян павінен паказаць самы змест экуменізму”, - падкрэсліў кіраўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.








All the contents on this site are copyrighted ©.