2012-01-17 12:05:33

Кардынал Бэртонэ прызначыў новага дырэктара Ватыканскай тыпаграфіі


Кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ прызначыў 17 студзеня новага генеральнага дырэктара Ватыканскай тыпаграфіі – выдавецтва “L'Osservatore Romano”. Ім стаў салезіянін, кс. Серджыо Пелліні. Новы дырэктар нарадзіўся ў італьянскім Леньяно 16 мая 1959 г. У 1987 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Выконваў розныя функцыі ў кангрэгацыі салезіянаў у Італіі. З ліпеня 2010 з’яўляўся рэктарам вядомага цэнтра салезіянскай духоўнасці імя Яна Боска ў італьянскім Кастэльнуово.

Ватыканская тыпаграфія была заснавана падчас пантыфікату Сікста V у 1587 г. Як гаворыцца на афіцыйнай старонцы ўстановы, “тыпаграфія 24 гадзіны ў суткі знаходзіцца на службе Святому Пасаду і дзяржаве Ватыкан, а таксама выконвае працы для розных устаноў рэлігійнага характару, у агульнай складанасці 5000 замоў у год”.







All the contents on this site are copyrighted ©.