2012-01-16 12:21:09

"Чалавек у секулярным грамадстве". Пасткі практычнага атэізму


Вітаю вас, паважаныя слухачы на нашым чарговым радыёспатканні. Мы працягваем разважанні над жыццём католіка ва ўмовах секулярнага грамадства. У нашых папярэдніх перадачах мы звярнулі ўвагу на тое, што існуюць два паказчыкі, з дапамогай якіх можна праверыць кандыцыю нашай веры. Гэта рэлігійная самасвядомасць і практыка. Аналізуючы адносіны вернікаў да Бога і Касцёла з гэтых дзьвюх перспектыў, можам заўважыць пэўныя тыповыя паводзіны у жыцці сучасных хрысціянаў. У мінулых радыёсустрэчах мы ўжо пачалі гаворку пра людзей, якія імкнуцца да таго, каб іх вера была свядомай і мела канкрэтнае выражэнне ў адпаведных рэлігійных практыках, перакладалася на штодзённасць. У той жа час мы канстатавалі існаванне іншага тыпу рэлігійнасці, які адзначаецца наяўнасцю практык, але з адсутнасцю найменшай цікавасці да паглыблення рэлігійных ведаў. Гэта вернік практыкуючы, але не мыслячы. На першы погляд можа здавацца, што калі хрысціянін выконвае ўсе рэлігійныя практыкі, то ён мае моцную веру. Аднак жыццё паказвае, што практыкі, не напоўненыя свядомасцю, часта з’яўляюцца крыніцай шматлікіх забабонаў. Яны лёгка адкідваюцца, калі вернік у крытычны момант не здолее адказаць сабе на пытанне: “навошта я гэта раблю?” Таму рэлігійныя практыкі становяцца плённымі і сэнсоўнымі, калі ім спадарожнічае свядомасць і разуменне. Такая вера пачынае прыносіць сур’ёзныя духоўныя плады.

У нашых сённяшніх разважаннях я хацеў бы запрасіць вас звярнуць увагу на чарговую духоўную з’яву, якая моцна закранае жыццё сучаснага хрысціяніна. Гэта спакуса так званай “веры ў сэрцы” або, дакладней, веры толькі на словах. У секулярных грамадствах, дзе духоўнасць спіхваецца на ўзбочыну жыцця, адсутнасць рэлігійнай практыкі становіцца нейкай сацыяльнай нормай. Нарпыклад, калі яшчэ некалькі пакаленняў таму адсутнасць верніка на нядзельнай св. Імшы успрымалася як нешта ненармальнае, то сёння некаторыя проста не звяртаюць на гэта ўвагі. Або калі яшчэ зусім нядаўна распуснае жыццё дзяцей лічылася для хрысціняскіх бацькоў вялікай ганьбай, то сёння некаторыя нават спрабуюць апраўдваць амаральныя паводзіны і пры гэтым лічаць сябе добрымі хрысціянамі.

Пад уплывам секулярызма, адсутнасці рэлігійнага і маральнага выхавання, сучаснаму хрысціяніну пагражае духоўная шызафрэнія, або проста жыццё ў самападмане. “Я ў Бога веру”, - спяшаюцца запэўніць многія людзі, але пры гэтым адкідваюць усе іншыя ісціны веры і вынікаючую з іх мараль. Калі працэс дэградацыі паглыбляецца, то з часам такія асобы перастаюць нават верыць у Бога, але пры гэтым лічаць сябе вернікамі нейкай канфесіі. І тады ўзнікае такая шызафрэнічная самаідэнтыфікацыя як “праваслаўны або каталіцкі атэіст”. Гэта асоба, якая атаясамлівае сябе з нейкай канфесіяй, але толькі ў агульным сацыякультурным значэнні. Пры гэтым яна ні ў якім разе не жадае падзяляць веры і маралі супольнасці, да якой сябе адносіць. Нажаль, з гэтым феноменам мы сустракаемся ў сённяшняй Беларусі. Паводле нядаўніх статыстык, веруючымі ў Бога лічаць сябе 65 % беларусаў, а да хрысціянскіх канфесій адносяць сябе 93, 5 %. З гэтага вынікае, што “хрысціянаў-атэістаў” (як бы парадаксальна гэта не гучала) у Беларусі амаль-што 30 працэнтаў насельніцтва. Гэта шырокі пласт грамадства, які знаходзіцца ў цяжкім духоўным стане.

Рэлігійная свядомасць няверуючых і не практыкуючых вернікаў часта ўяўляе сабой цьмяны набор перакананняў, абрыўкаў нейкіх ведаў, ідэалагічных клішэ. Яны не жадаюць задумацца над хаосам свайго ўнутранага свету. Многія душпастыры і псіхолагі заўважаюць, што заблакаванасць нейкай асобы на духоўнасць сведчыць не столькі аб праблемах з верай, сколькі з мараллю. Іншымі словамі, чалавек проста баіцца, што вера абмяжуе магчымасць рэалізоўваць усе жаданні. Гэтыя страхі падсычаюцца антыхрысціянскай прапагандай і дрэннымі прыкладамі некаторых вернікаў. А калі да гэтага дадаць хранічную стомленасць сучаснага чалавека, у якога секулярная эпоха распальвае апетыты, але не дае магчымасцяў іх рэалізаваць. То ў выніку паўстае даволі непрыемны вобраз веры як дадатковага цяжару, які не столькі дае, сколькі патрабуе аддачы. А вернік са спажывецкай цывілізацыі ўмее быць толькі пасіўным гледачом і спажыўцом. Адносіны з Богам будуць тут прыемнымі, калі Той нешта будзе даваць. Калі не, то Бог і Касцёл такому чалавеку не патрэбны. Незадаволены сваім жыццём, ён нават не здагадваецца, што за яго спажывецкай прагавітасцю крыецца голад душы.

Здаецца, няма больш эфектыўнага ратунку для зацвярдзелай асобы, як добры прыклад жыцця свядомых і практыкуючых хрысціянаў. Шчыры і радасны твар верніка, прамянеючы магнітам любові пасля кожнай малітвы і наведвання касцёла – гэта найлепшае натхненне да таго, каб быць такім шчаслівым, як ён. Як казаў бласлаўлёны Папа Яна Павел ІІ: “сучасны чалавек патрабуе не столькі настаўнікаў, сколькі сведкаў”.

У нашым наступым радыёспатканні пастараемся падрабязней прааналізаваць духоўнасць вернікаў, якія ў віры секулярнага грамадства пагубіліся ў сваіх адносінах з Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.