2012-01-16 12:03:47

Мексіканскія біскупы асудзілі камерцыялізацыю візіту Папы Рымскага


Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Мексікі заклікала ўрад краіны не дапусціць “камерцыялізацыі” прызначанага на сакавік 2012 г. візіту папы Бэнэдыкта XVI і паставіць пад жорсткі кантроль вытворчасць і распаўсюджванне тавараў, прымеркаваных да візіту. Святы Айцец абвясціў, што наведае Мексіку і Кубу перад Вялікаднем. Вялікдзень католікі будуць адзначаць у 2012 г. 8 красавіка. Біскупы хочуць не дапусціць да сітуацыі, якая складалася падчас прыездаў Яна Паўла II, які наведаў Мексіку пяць разоў - у 1979, 1990, 1993, 1999 і 2002 гадах. Іерархі нагадалі, што камерцыялізацыя была асабліва прыкметнай падчас апошніх двух візітаў, калі краіна была запоўнена самымі рознымі прадметамі і “гаджэтамі”, далёка не заўсёды эстэтычна адэкватнымі і часта абразлівымі для католікаў.

“Я маю намер перад Святой Пасхай здзейсніць апостальскае падарожжа ў Мексіку і на Кубу, каб абвяшчаць там Слова Хрыста. Я перакананы, што гэта святы час для евангелізацыі з моцнай верай, жывой надзеяй і гарачай любоўю”, - сказаў Бэнэдыкт XVI падчас св. Імшы ў ватыканскай базыліцы.

На гэтым тыдні Каталіцкі Касцёл у Мексіцы падтрымаў заклік да кіраўнікоў канфліктуючых наркакартэляў аб спыненні агню падчас святаў Божага Нараджэння. Прадстаўнік Касцёла паведаміў, што калі немагчыма поўнае прымірэнне, то спыненне канфлікту хоць бы на невялікі прамежак часу стане дабром для грамадства.







All the contents on this site are copyrighted ©.