2012-01-16 10:17:40

ЗША: малітва стала прычынай судовага працэсу


“L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на праблемы ў сферы рэлігійнай свабоды ў ЗША. Адзначаецца, што некалькі дзён таму федэральны суд ў Крэнстоне, у штаце Род Айлэнд, загадаў зняць са сцяны аўдыторыі адной з вышэйшых школ табліцу з малітвай, якая, паводле меркавання судзі, з’яўляецца “натхнёнай хрысціянствам”. Тэкст, які пачынаецца зваротам да “Айца нашага нябеснага” і заканчваецца словам “Амэн”, зноў жа на думку судзі, не можа знаходзіцца ў публічным месцы, бо дыскрымінуе прадстаўнікоў іншых веравызанняў.

Судовы працэс супраць школы і гарадскіх уладаў пачаўся па ініцыятыве студэнткі атэісткі Джэсікі Алькуіст, якая абвінаваціла адукацыйныя ўстановы ў парушэнні Канстытуцыі ЗША, паводле якой забаронена дыскрымінацыя якой-небудзь з рэлігій у краіне. Адвакат, які прадстаўляў інтарэсы школы і муніцыпалітэта, адзначыў, што табліца з тэкстам малітвы, падараваная былымі вучнямі школы, павінна была натхняць да пэўных маральных каштоўнасцяў, якія не маюць акрэсленай рэлігійнай прыналежнасці і, такім чынам, з’яўляецца абсалютна “нейтральнай”. Акрамя таго, дырэкцыя школы патлумачыла, што табліца з малітвай нагадвае аб асаблівых момантах у гісторыі школы і не была размешчана з мэтай спрыяць распаўсюджванню якога-небудзь канкрэтнага веравызання.








All the contents on this site are copyrighted ©.