2012-01-15 14:29:08

"З сэрцам у кантакце". Адрозніваць дабро ад зла (2)


RealAudioMP3 Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. Мы працягваем разважаць пра тое, як адрозьніваць дабро ад зла, добрыя думкі ад благіх, лепшыя ідэі ад горшых... Як мы можам даведацца пра тое, ці нейкая праблема зьяўляецца важнай для нашага жыцьця ці не? Адказаць на гэтыя пытаньні мне дапамагае сёньня кніга кардынала Томаша Шпідліка «Мастацтва ачышчэньня сэрца».

Age quod agis

Духоўныя аўтары даюць нам практычную і мудрую раду: age quod agis, што перакладаецца з лацінскай мовы прыкладна, як «займайся тым, чым павінен займацца цяпер». Кожны момант жыцьця мае свае вымаганьні. Малітве перашкаджаюць думкі аб працы. Таксама і акрэсленая праца вымагае, каб уся ўвага была сканцэнтраваная на яе выкананьні, а не на тым, што належыць зрабіць пазьней. Калі мы з кім-небудзь размаўляем, то добра ёсьць сканцэнтравацца на тым, што гаворыць субяседнік, аднак калі мы кладземся спаць, то лепей выкінуць з галавы ўсе думкі.

Ёсьць цікавае кніга Сяргея Бальшакова «На высотах духа», дзе можна прачытаць гісторыю пра аднаго маладога паслушніка і сталага манаха. Паслушнік запытаў дасьведчанага ераманаха пра тое, чаму ў яго, паслушніка, не атрымліваецца захоўваць духоўны супакой. Ераманах адказаў: «Ніколі не супакоішся, не знойдзеш міра. Калі зіма, то ты з нецярплівасьцю чакаеш, калі прыйдзе вясна. На Пасху думаеш пра лета і працу ў полі. Калі распачнецца праца, то ты сумуеш і разважаеш, калі гэта скончыцца, а калі надыходзіць час адпачынку, са страхам прыгадваеш пра тое, колькі яшчэ цябе чакае працы. Адным словам, твая галава ніколі не бывае разам з табою, бяжыць наперад і ніколі не паспяваеш за ёй» (гл. Сяргей Бальшакоў, «На высотах духа»).

Падсумоўваючы можам сьцьвердзіць, што важна жыць данным момантам (а не мінулым ці будучым часам), той рэчаіснасьцю ў якой знаходзімся, бо гэта і ёсьць сапраўднае жыцьцё.

Гармонія і духоўная тоеснасць

Прынцып духоўнай тоеснасьці – зьяўляецца вельмі важным прынцыпам у распазнаваньні духаў. Можна гэта патлумачыць пры дапамозе аналогіі, узятай з мастацкага асяродзьдзя. Пэўны прафесар Акадэміі Мастацтваў ставіў адзнакі вучням за прадстаўленыя яму малюнкі. Адзін з малюнкаў атрымаў самую нізкую адзнаку. Тут быў чалавек, які не разбіраўся ў прадмеце і яму падалося, што такая адзнака не справядлівая. Малюнак яму падабаўся, а на ім была намалявана прыгожая дзяўчына з букетам кветак... Прафесар патлумачыў, прычыну сваёй суворай ацэнкі.

Ён закрыў кавалкам паперы частку малюнка і зьвярнуўся да прысутнага чалавека, каб той здагадаўся пра ўзрост асобы, якая была выяўлена на малюнку – была ж бачна толькі рука з букетам кветак. І была гэта рука дзяўчыны.

Аднак, калі рабіў падобным чынам, закрываючы іншыя фрагменты намаляванага цела, то аказалкася, што стапа была стапой дарослай жанчыны, плечы ж былі плечамі мужчыны. Іншымі словамі, кожная падрабязнасьць выдавалася прыгожай, але малюнак не быў згарманізаваны ў адно цэлае. Гэткім чынам нашыя намеры, якія не зьвязаныя з нашым пакліканьнем нішчаць вобраз Бога, які мы носім у сабе.

Добра гэта разумеў Феафан Затворнік, які даваў сваім духоўным вучням такую раду: паяднайце голаву з сэрцам, думайце аб духоўнай тоеснасьці, што даў нам Дух, які жыве ў нашым сэрцы.

Ісьці за пакліканьнем

Такім чынам, можна сьцьвердзіць, што каб акрэсліць карыснасьць або шкоднасьць думкі, трэба пазнаць самога сябе (сваю тоеснасьць). Гэту тоеснасьць трэба разумець як Божае пакліканьне. Калі мы гаворым пра пакліканьне ў «глыбокім сэнсе», то разглядаем яго як выбар працы, мейсца ў грамадскай супольнасьці, стыль жыцьця, выбар прыняты ў дарослым узросьце.

Але ў Божых вачах нашае пакліканьне апярэджвае нашае існаваньне. Бог стварае людзей, маючы на ўвазе ў гэтым сьвеце паасобную місію кожнага чалавека. Тыя, хто ідзе за Ім верна, малююць, так бы мовіць, дасканалы партрэт, вобраз Бога ў Яго дасканаласьці. Класічны прыклад гэтаму дала Найсьвятай Багародзіца Дзева Марыя: Яна была выбраная, каб быць Маці Божай, таму ішла ў сваім жыцьці за тым, што было звязана з яе пакліканьнем.

Як мы можам распазнаць сваё пакліканьне? На гэта нельга даць адказ у двух словах. Аднак жа можна зьвярнуць увагу на асноўны прынцып, якім трэба карыстацца ў прыняцьці канкрэтных рашэньняў: пакліканьне – гэта голас , які паказвае нам дарогу, якую Бог нам вызначыў, голас чыстага сэрца.








All the contents on this site are copyrighted ©.