2012-01-15 12:48:54

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі” заклікаў адкрыць важнасць духоўнага кіраўніцтва


15 студзеня перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра ў Рыме вернікаў адкрыць для сябе важнасць “духоўнага кіраўніцтва на шляху веры” і асабліва у тым, што тычыцца адказу на “пакліканне да службы Богу і людзям”. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа – У біблійных чытаннях сённяшняй нядзелі – другой нядзелі звычайнага перыяда – уздымаецца тэма паклікання: ў Евангеллі мы бачым пакліканне першых вучняў Езусам, а ў першым чытанні пакліканне прарока Самуэля. У абодвух апавяданнях узвышаецца роля пасярэдніка, які дапамагае пакліканным людзям пачуць голас Бога і ісці за ім. У выпадку Самуэля, гаворка ідзе аб Эліі, святары храма ў Сіло, дзе з старадаўніх часоў захоўваўся каўчэг запавету, перш чым быў перанесены ў Іерусалім. У тыя часы, калі ён быў яшчэ хлопцам і ад самага маленства жыў і дапамагаў у храме, тры разы, па начах, ён чуў голас і прыходзіў да Эліі. Але гэта не ён яго клікаў. На трэцці раз Элія зразумеў, хто гэта быў, і сказаў Самуэлю: Калі Ён пакліча цябе яшчэ раз адкажы словамі: “Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой” (1 Сам 3,9). Так адбылося і ад таго часу Самуэль навучыўся пазнаваць словы Бога і стаў Яго верным прарокам. У выпадку вучняў Езуса, пасярэднікам быў Ян Хрысціцель. Па-праўдзе кажучы, Ян меў вельмі шмат вучняў, і сярод іх былі таксама дзве пары братоў, якіх звалі Сымон і Андрэй, і Якуб і Ян, рыбакі з Галілеі. Менавіта двум з іх Хрысціцель паказаў Езуса, на наступны дзень пасля хросту і Іардане. Ян Хрысціцель сказаў: “Вось баранак Божы” (Ян 1, 36), што азначала: Вось Месія. І гэтыя два браты пайшлі за Езусам, засталіся з Ім і упэўніліся ў тым, што Ён сапраўды быў Хрыстом. Яны хутка расказалі аб гэтым іншым, і так утварылася першая суполка, якая ў будучыні стала супольнасцю апосталаў.

У святле гэтых двух тэкстаў, я хачу падкрэсліць важную ролю духоўнага кіраўніцтва на шляху веры, і асабліва ў тым, што тычыцца адказу на пакліканне да службы Богу і Яго народу. Ужо сама хрысціянская вера, уключае ў сабе абвяшчэнне і сведчанне: сапраўды, яно заключаецца ў распаўсюджванні добрай навіны аб тым, што Езус з Назарэта памёр і ўваскрос, і што Ён з’ўяляецца Богам. Такім чынам, таксама пакліканне наследаваць Езуса, адмаўляючыся ад стварэння ўласнай сям’і і прысвячаючы сябе вялікай сям’і, якой з’яўляецца Касцёл, праходзіць праз сведчанне і прапанову з боку “старэйшага брата”, звычайна святара. Канешне, варта не забываць аб фундаментальнай ролі бацькоў, якія сваёй сталай і радаснай верай, вернай сужэнскай любоўю сведчаць перад дзецьмі аб тым, што прыгожа і магчыма будаваць сваё жыццё на любові Бога.

Дарагія сябры, папросім Панну Марыю за ўсіх выхавацеляў, асабліва святароў і бацькоў, каб былі свядомымі важнасці іх духоўнай ролі, у спрыянні таму, каб моладзь, акрамя чалавечага росту, была здольнай адказваць на пакліканне Бога і гаварыць: “Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў, што сёння Касцёл адзначае Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў. Папа адзначыў, што імі з’яўляюцца тысячы людзей, якія шукаюць магчымасці жыць у міры і заклікаў іх таксама быць сведкамі Евангелля ў сучасным свеце. Акрамя таго, Святы Айцец нагадаў, што 18-25 студзеня пройдзе Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Пантыфік заклікаў усіх, духоўна і практычна далучыцца да гэтай падзеі, і спрыяць таму, каб паміж вучнямі Хрыста настала поўнае адзінства.








All the contents on this site are copyrighted ©.