2012-01-14 11:34:32

Кс. Ламбардзі: шчаслівыя і пераследаваныя


Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі друку Апостальскай Сталіцы і Дырэктар ватыканскага радыё адзначыў, што ў прамове да членаў дыпламатычнага корпуса на пачатку новага года, Папа, акрамя таго, што акрэсліў шырокую панараму актуальнай міжнароднай сітуацыі, звярнуў асаблівую увагу на тэму рэлігійнай свабоды, якая ўжо была ў цэнтры яго прамовы роўна год таму. “Гэта тэма працягвае быць часткай драматычнай рэчаіснасці ў многіх краінах свету, а яе кульмінацыяй можна назваць забойства пакістанскага міністра па справах меншасцяў, католіка, Шахбаза Бхаці”, - адзначыў кс. Ламбардзі.

У сувязі з гэтым, італьянскі іезуіт, прапануе пазнаёміцца з штогадовай справаздачай пратэстанскай грамадскай арганізацыі “Адкрытыя дзверы” аб “Пераследзе хрысціян у свеце”, якая датычыць усіх хрысціянскіх канфесій.

“Аўтары справаздачы распрацавалі і правялі даследванне “сусветнага паказчыка пераследванняў”, паводле якога на першых дзесяці месцах знаходзяцца: Паўночная Карэя, Афганістан, Саўдаўская Аравія, Самалі, Іран, Мальдзівы, Узбекістан, Емен, Ірак і Пакістан. Сярод найбольш небяспечных з’яваў адзначаецца рост ісламскага экстрэмізма, які праявіў сябе ў актах насілля, напрыклад з боку секты “Бока Харам” у Нігерыі, а таксама атмасферы небяспекі і насілля, якая ў многіх краінах суправаджае “арабскую вясну” і прымушае хрысціян уцякаць ці міграваць”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Ён адзначыў, што інфармацыйнае агенцтва “Fides” апублікавала спіс каталіцкіх дзеячаў забітых на працягу мінулага года. У ім імёны 26 чалавек: 18 святароў, 4 законнікаў і законніц, 4 свецкіх. “Смерць 13 святароў, забітых у Лацінскай Амерыцы, адлюстроўвае атмасферу насілля, якая характарызуе сітуацыю ў некаторых краінах гэтага кантынента, перш за ўсё Калумбіі і Мексіцы”, - падкрэсліў дырэктар Ватыканскага радыё.

“Цярпенне пераследу ў імя Езуса Хрыста, плата, коштам уласнай крыві, за служэнне веры і справядлівасці – гэта заўсёды было ў жыцці вучняў. Не здзіўляйцеся гэтаму, казаў Езус у Нагорнай пропаведзі і абяцаў “узнагароду на небе”, - нагадаў кс. Ламбардзі ў сваёй штотыднёвай рубрыцы на нашым радыё “Octava Dies”.








All the contents on this site are copyrighted ©.