2012-01-14 13:38:00

Кардынал Бэртонэ адкрыў новы судовы год у Ватыкане


14 студзеня кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ ўзначаліў св. Імшу з нагоды пачатку новага судовага года ў Трыбунале горада-дзяржавы Ватыкан. У сваёй гаміліі іерарх заклікаў супрацоўнікаў Ватыкана паразважаць аб розніцы паміж Божай і чалавечай справядлівасцю і набліжаць сваю дзейнасць да выканання волі Бога, “Яго плану любові да кожнага чалавека і да супольнасці людзей”. Іерарх адзначыў, што Касцёл пакліканы быць знакам і прыладай Божай любові, Яго справядлівасці і выразам Яго міласэрнасці”. “Гэта місія, якая заключаецца ў тым, каб быць прыкладам для іншых, тычыцца ўсіх касцёльных супольнасцяў: сем’яў, парафій, місійных арганізацый і асаблівым чынам горада-дзяржавы Ватыкан”, - сказаў кардынал Бэртонэ.

Іерарх заклікаў супрацоўнікаў ватыканскага Трыбунала кіравацца евангельскімі прынцыпамі ў вырашэнні складаных пытанняў і карыстацца сацыяльным навучаннем Касцёла для пашырэння свабоды і справядлівасці. “Заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне і абарона фундаментальных правоў і абавязкаў чалавека, і таму кожная яго ўстанова павінна быць узорам у гэтай дзейнасці”, - падкрэсліў кардынал Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.