2012-01-13 15:42:26

Арцыбіскуп Вэльё: мігранты ўплываюць на жыццё света і Касцёла


З нагоды Міжнароднага дня мігрантаў і бежанцаў, які будзе адзначацца 15 студзеня арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё адзначыў, што сёння ў свеце пражывае каля 200 млн. мігрантаў, 15 млн. бежанцаў і каля 3 млн студэнтаў, якія пакінулі свае краіны з мэтай атрымання адукацыі за мяжой. “Іх жыццё і праблемы знаходзяцца пад увагай Касцёла і грамадстваў, каб яны мелі магчымасць жыць згодна з чалавечай і хрысціянскай годнасцю”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю нашаму радыё.

Арцыбіскуп Вэльё адзначыў, што Папская рада пастрырства мігрантаў і падарожнікаў, якую ён узначальвае, ведае аб праблемах шматлікіх бежанцаў. “Асаблівая ўвага ў дадзены момант скіравана да краін Афрыкі, дзе праблема бежанцаў з’яўляецца вельмі актуальнай. Канфлікт, які пачаўся ў Судане прымусіў каля 80 тыс. чалавек пакінуць свае дамы. Гвалт, голад і хваробы прымусілі 500 тыс. жыхароў Самалі бегчы ў Кенію, і яшчэ каля 100 тыс. у Эфіопію”, - расказаў іерарх.

Кіраўнік папскай дыкастэрыі адзначыў, што перамяшанне народаў, рас і культур з’яўляецца магчымасцю для евангелізацыі. “Папа кажа ў сваім пасланні на дзень бежанцаў, каб мы абудзілі ў сабе энтузіазм і адвагу, якія мелі першыя хрысціянскія супольнасці, для таго, каб быць эфектыўнымі носьбітамі евангельскай навіны”, - нагадаў арцыбіскуп Вэльё. Іерарх адзначыў, што “мігранты, падтрыманыя хрысціянскай супольнасцю могуць самі стаць прапаведнікамі Божага Слова і сведкамі Уваскрослага Хрыста” там, куды яну эмігруюць.

Арыбіскуп Вэльё расказаў таксама, што з вялікай удзячнасцю прыняў навіну аб тым, што Папа пажадаў надаць яму кардынальскую годнасць, падчас бліжайшага кансісторыя, які пройдзе ў Ватыкане 18 лютага. “Я звязваю з гэтым рашэннем прызнанне місіі, якую выконвае Папская рада пастырства мігрантаў і падарожнікаў і бачу, клопат Святога Айца аб мігрантах, якія вельмі ўплываюць на жыццё света і Касцёла”, - падкрэсліў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.