2012-01-12 12:05:09

Святы Айцец падзякаваў рымлянам за адкрытасць, шчырасць і салідарнасць


RealAudioMP3 12 студзеня Бэнэдыкт XVI прыняў на прыватнай аўдыенцыі кіраўніка рэгіёна Лацыё Рэнату Пальверыні, мэра Рыма Джаванні Алемано і кіраўніка Рымскай правінцыі Ніколу Дзінгарэцці. Пасля прыватных сустрэч з палітыкамі Пантыфік сустрэўся ў Клеменційскай Залі Апостальскага Палаца ў Ватыкане з адміністрацыяй рэгіёна Лацыё, Рыма і Рымскай правінцыі. У сваёй прамове да прысутных Папа нагадаў, што ў аснове эканамічнага крызісу, які таксама закрануў дадзены рэгіён, ляжаць этычныя праблемы, індывідуалізм, прага ўласнай нажывы, занядбанне праблем моладзі і людзей сталага ўзросту. “Цяперашні крызіс можа стаць нагодай для ўсёй грамадскай супольнасці, каб паглядзець на тое, ці сапраўды каштоўнасці, якія знаходзяцца ў аснове сацыяльнага жыцця, спрыяюць нараджэнню больш справядлівага, роўнага і салідарнага грамадства. Або наадварот, неабходна глыбокае пераасэнсаванне каштоўнасцяў, на аснове якіх можа адбыцца абнаўленне грамадства і якія будуць спрыяць развіццю не толькі эканомікі, але таксама інтэгральнаму дабру чалавека”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў важную ролю хрысціянскай супольнасці, а таксама розных інстытутаў у спрыянні росту свядомасці прыналежнасці людзей да супольнай рэчаіснасці, “у якой кожны, на падабенства чалавечага цела, важны для усіх”.

Папа нагадаў аб адкрытасці, шчырасці і салідарнасці, якую аказалі шматлікім пілігрымам жыхары Рыма падчас беатыфікацыі Яна Паўла ІІ і заклікаў адносіцца падобным чынам і да шматлікіх эмігрантаў, якія прыбываюць з краін, “дзе беднасць часта з’яўляецца прычынай смерці”. Пантыфік заклікаў да салідарнасці з сем’ямі і моладдзю і фарміравання культуры павагі да закона.








All the contents on this site are copyrighted ©.