2012-01-11 12:28:18

Бэнэдыкт XVI: перамяняць нашы цяжкасці ў ахвяру Богу і людзям


RealAudioMP3 Сваю сённяшнюю катэхезу прамоўленную падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане, Бэнэдыкт XVI прысвяціў малітве Езуса Хрыста падчас Апошняй вячэры. Папа звярнуў увагу на тое, што эмацыйным фонам гэтай падзеі было адчуванне блізкай смерці Пана. “Езус яшчэ напярэдадні казаў аб сваіх пакутах, спрабуючы ўвесці вучняў у гэту перспектыву”, - сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што Хрыстус пачаў рыхтаваць апосталаў да развітання ў той час, калі увесь народ чакаў Пасхі, узгадвання аб вызваленні з егіпецкага палону. “Апошняя вячэра адбываецца ў гэтым кантэксце, але глыбока па-новаму. Езус глядзіць на свае пакуты, смерць і ўвасрасенне, з яснай свядомасцю. Ён хоча перажыць гэту вячэру разам з вучнямі вельмі асабліва; гэта Яго вячэра, падчас якой Ён падорыць нешта новае: самаго Сабе. Такім чынам Езус святкуе сваю Пасху, чакаючы Крыжа і Уваскрасення”, - сказаў Святы Айцец.

Разважаючы аб словах і жэстах Хрыста падчас устанаўлення Эўхарыстыі Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што евангелісты ўказваюць на малітву падзякі і благаслаўлення, якую Езус прамовіў перад тым, як паламаць хлеб і раздаць вучням. “Малітва праслаўлення і падзякі скіраваная да Бога, вяртаецца, як благаслаўленне, якое сыходзіць ад Бога на дар і робіць яго больш каштоўным. Падзяка і праслаўленне становяцца такім чынам благаслаўленнем. Ахвяра прынесеная Богу вяртаецца да чалавека благаслаўлёнай Усемагутным”, - адзначыў Святы Айцец.

Акрамя таго, Папа звярнуў увагу на тое, што Езус паламаў хлеб і раздаў віно - учыніў жэсты, якія кажуць аб шчырасці і адкрытасці. “Езус ў хлебе і віне дарыць і перадае самаго Сябе”, - сказаў Пантыфік. “Ён дарыць будучае жыццё, якое ў яго будзе забрана і такім чынам перамяняе сваю гвалтоўную смерць у свабодны дар з самаго Сябе для іншых. Гвалт, такім чынам перамяняецца ў актыўнае самаахвяраванне, свабоднае і збаўчае”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Яшчэ адным аспектам, на які звярнуў увагу Пантыфік разважаючы аб малітве Хрыста падчас Апошняй вячэры, гэта тое, што Езус яшчэ раз паказаў вучням сваю ідэнтычнасць і свядомасць таго, што ён прыбыў, каб выканаць “місіію поўную любові”, задуманую Яго Айцом, а таксама пакінуць людзям “сакрамэнт любові”, якім з’яўляецца Эўхарыстыя.

Папа адзначыў, што Хрыстус маліўся за ўсіх людзей і звярнуўся да Пятра з заклікам падтрымліваць іншых. “Малітва Езуса, калі набліжаліся таксама выпрабаванні для Яго вучняў, падтрымлівала іх, дапамагала зразумець, што шлях Бога ідзе праз Пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення, якому папярэднічаў дар хлеба і віна. Эўхарыстыя – гэта ежа пілігрымаў, якая становіцца сілай для тых, хто стаміўся і згубіў шлях”, - сказаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, мы незвычайным чынам перажываем малітву, якую Езус учыніў і працягвае чыніць, каб зло, з якім мы сустракаемся ў жыцці, не магло перамагчы, і дзейнічала ў нас перамяняючая сіла смерці і ўваскрасення Хрыста”. – сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што Эўхарыстыя заўсёды скіроўвае нас да малітвы Пана падчас Апошняй вячэры. “Ад самага пачатку, Касцёл разумеў словы кансэкрацыі як частку малітвы, якая прамаўляецца разам з Хрыстом, як цэнтральную частку праслаўлення і падзякі, праз якую плёны зямлі і працы чалавека вяртаюцца да нас як Цела і Кроў Езуса, як самаахвяраванне Бога праз любоў Яго Сына”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць у Бога, каб удзел у Эўхарыстыі, неабходны для хрысціянскага жыцця, заўсёды быў самай высокай кропкай малітвы. “Будзем прасіць, каб аб’яднаўшыя з Яго ахвярай Айцу, мы маглі таксама перамяніць нашы крыжы ў ахвяру, свабодную і адказную, у любоў да Бога і людзей”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.