Арцыбіскуп Тваль: мы павінны аб’ядноўваць тое, што раздзяляюць муры
9 студзеня біскупы
з краін Еўрапейскага Саюза і ЗША, у рамках сваёй пілігрымкі салідарнасці ў Ізраіль
і Палестыну, сустрэліся з Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма арцыбіскупам Фуадам Твалем.
Іерарх расказаў высокім гасцям аб актуальным стане хрысціян у Святой Зямлі. “Перад
радыкальнымі зменамі, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе, рэлігійныя лідэры не могуць
толькі назіраць за гэтымі здарэннямі, але павінны працаваць дзеля пабудовы мастоў
і аб’ядноўваць тое, што раздзяляюць муры”, - сказаў Патрыярх Іерусаліма.
Іерарх
адзначыў, што перспектывы палітычнага ўрэгулявання ізраільска-палестынскага канфлікта
здаюцца яшчэ далёкімі. “Лідэры хрысціянскіх Цэркваў Святой Зямлі ў супольным паведамленні
падцвердзілі сваю пазіцыю, якая адпавядае пазіцыі Апостальскай Сталіцы, і заключаецца
ў тым, каб ізраільскі і палестынскі народы мелі свае дзяржавы”, - сказаў арцыбіскуп
Тваль. Ён падкрэсліў, што колькасць хрысціян у Святой Зямлі павялічваецца дзякуючы
эмігрантам каталіцкага веравызнання, якія прыбываюць з іншых краін і просяць палітычнага
прытулку. “У Ізраіль з гэтай мэтай прыбыло больш за 220 тыс. чалавек, у асноўным з
Філіпінаў, Індыі, краін Лацінскай Амерыкі і Усходняй Еўропы. Нядаўна папрасілі палітычнага
прытулку каля 30 тыс. чалавек з афрыканскіх краін”, - расказаў Партрыярх Іерусаліма.
Ён
падкрэсліў, што да іх трэба дадаць каля 1 млн. эмігрантаў з Расіі, з якіх каля 315
тыс. не з’яўляюцца яўрэямі. Патрыярх выказаў заклапочанасць лёсам дзяцей мігрантаў.
“Мы дзейнічаем у тым накірунку, каб спрыяць захаванню іх каталіцкай ідэнтычнасці,
калі дзякуючы школьнай сістэме яны пачнуць уваходзіць у ізраільскае грамадства”, -
сказаў арцыбіскуп Тваль.