2012-01-10 13:59:46

Арцыбіскуп Вэльё: мігранты могуць абудзіць хрысціянскае сумленне


RealAudioMP3 “Міграцыя адкрывае новыя шляхі для евангелізацыі, бо дае магчымасць хрысціянскім супольнасцям сведчыць аб Езусе Хрысце, перш за ўсё праз шчыры дыялог і канкрэтныя жэсты салідарнасці”, - піша на старонках ватыканскага выдання “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Іерарх упэўнены, што мігранты могуць “абудзіць хрысціянскае сумленне”, скіроўваючы людзей да сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Арцыбіскуп Вэльё падкрэсліў, што ў свеце міграцыі важна “праяўляць канкрэтную салідарнасць, клапаціцца аб правах мігрантаў, бежанцаў і замежных студэнтаў, дапамагаць ім інтэгравацца ў новыя краіны не губляючы сваёй чалавечай і хрысціянскай ідэнтычнасці”. Акрамя таго, арцыбіскуп Вэльё звярнуў увагу на “абавязкі прыбыўшых у адносінах да краіны, якая іх прымае”.

“Святы Айцец падкрэслівае важную ролю прэсы і заклікае да адказнасці журналістаў, каб тыя працавалі сумленна, не толькі клапоцячыся аб актуальнасці навін, але даючы грамадзянам пасланне праўды і такім чынам спрыялі развіццю культуры салідарнасці”, - адзначыў арцыбіскуп Вэльё - Іх уклад неабходны, каб зрабіць грамадства больш уважлівым да новых сітуацый і рэальнасці ў якой парушаюцца правы бежанцаў”.

Іерарх расказаў, што Папская рада пастырства мігрантаў і падарожнікаў, арганізавала тры сусветныя кангрэсы прысвечаныя праблемам замежных студэнтаў, якія праходзілі ў 1996 г., 2005 г. і 2011 г. Апошні форум, які праходзіў 30 лістапада - 3 снежня, быў прысвечаны тэме “Замежныя студэнты і сустрэча культур” і падчас яго звярталася ўвага на ролю студэнтаў у новай евангелізацыі ў акадэмічных і ўніверсітэтскіх асяродках.








All the contents on this site are copyrighted ©.