2012-01-08 11:27:37

Бэнэдыкт XVI удзяліў сакрамэнт хросту некаторым дзецям


RealAudioMP3 8 студзеня Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу ў Сікстынскай капліцы ў Ватыкане, падчас якой удзяліў сакрамэнт хросту 16-ці дзецям. Падчас літургіі Папа прамовіў гамілію, у якой заклікаў бацькоў быць сведкамі веры для сваіх дзяцей і карыстацца моцай і дарамі якія паходзяць ад Бога. Звяртаючыся да прысутных на св. Імшы бацькоў, Папа падкрэсліў, што яны думалі аб хросце сваіх немаўлят, яшчэ да таго, як тыя з’явіліся на свет. “Ваша бацькоўская хрысціянская адказнасць скіравала вас да таго, каб думаць аб хросце, як аб сакрамэнце, які азначае ўваход у хрысціянскае жыццё. Можна сказаць, што гэта было вашым першым крокам у навучанні веры вашых дзяцей: фундаментальным крокам!”, - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што хоць выхаванне з’яўляецца вельмі цяжкай справай, але ў той жа час “становіцца цудоўным, калі адбываецца ў супрацоўніцтве з Богам, першым і праўдзівым выхавацелем кожнага чалавека”.

Акрамя таго Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што дарослыя, для таго, каб быць добрымі выхавацелямі павінны самі чэрпаць ад Бога і сакрамэнтаў. “Для таго, каб быць здольнымі даваць, яны павінны атрымліваць, бо інакш спустошацца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа адзначыў, што выхаванне павінна адбывацца праз сведчанне, на што указвае прыклад св. Яна Хрысціцеля, аб якім кажа фрагмент сённяшняга Евангелля. Пантыфік падкрэсліў, што бацькі не павінны прывязваць дзяцей да сябе, але ў першую чаргу да Бога, які стаіць над імі. “Выхоўваючы дзяцей бацькі абавязаны навучыцца слухаць голас праўды, які прамаўляе да іх сэрцаў і ісці за ім”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў бацькоў і хросных, верыць у прысутнасць Святога Духа, маліцца і прымаць Яго дзякуючы малітве і ўдзелу ў сакраментальным жыцці. “Малітва і сакрамэнты даюць нам тое святло праўды, дзякуючы якому можам быць адначасова бацькамі пяшчотнымі і моцнымі, лагоднымі і цвёрдымі, здольнымі казаць у адпаведны момант, наказваць і справядліва узнагароджваць”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.