2012-01-06 12:43:34

Паведамленне Кангрэгацыі Веравучэння аб Годзе веры


5 студзеня 2012 г. было апублікавана спецыяльнае паведамленне Кангрэгацыі Веравучэння, у якім былі змешчаны пастырскія ўказанні на Год веры, які пачнецца 11 кастрычніка 2012 г. і закончыцца 24 лістапада 2013 г. У дакуменце ватыканскай дыкастэрыі адзначаецца, што Год веры Бэнэдыкт ХVI абвясціў з мэтай звярнуць увагу Касёла на важнасць “сустрэчы з Езусам Хрыстом і прыгажосць веры ў Яго”. Падкрэсліваецца, што Год веры супадае з двума важнымі падзеямі ў жыцці Касцёла: з 50-годдзем адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора і 20-годдзем публікацыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. “Год веры павінен спрыяць новаму навяртанню да Пана, да адкрыцця нанова скарбу веры, каб хрысціяне сталі вернымі і радаснымі сведкамі для тых, што шукае Бога”, - адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што святкаванне Года веры будзе праходзіць на чатырох узроўнях: Паўсюднага Касцёла, біскупскіх канферэнцый, дыяцэзій, а таксама парафій, касцёльных супольнасцяў і рухаў. Адзначаецца, што на ўзроўні Паўсюднага Касцёла гэта будуць урачыстасці з удзелам Папы, напрыклад, св. Імша, якая дасць пачатак Году веры ці экуменічныя ініцыятывы, мэта якіх заключаецца ў спрыянні адзінству хрысціян.

“Біскупскія Канферэнцыі павінны клапаціцца аб катэхізацыі вернікаў, у якой трэба задзейнічаць шырокія магчымасці сродкаў камунікацыі, мастацтва і выдавецкай дзейнасці”, - адзначаецца ў дакуменце. Кангрэгацыя веравучэння заклікае, каб на дыяцэзіяльным узроўні на працягу Года веры праходзілі розныя сімпозіўмы і форумы, а таксама набажэнствы, падчас якіх вернікі будуць прасіць у Бога прабачэння за грахі супраць веры. “На парафіяльным узроўні цэнтрам святкаванняў павінна стаць літургія, асабліва Эўхарыстыя”, - гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца таксама, што з мэтай лепшай каардынацыі розных ініцыятыў пры Папскай радзе па новай евангелізацыі будзе створаны спецыяльны сакратарыят Года веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.