2012-01-02 13:15:26

Уругвай: сенат за аборты


RealAudioMP3 Сенат Уругвая прыняў праект закона аб легалізацыі абортаў у краіне, які можа ўступіць у сілу ў гэтым годзе. Паводле яго цяжарная жанчына можа здзейсніць аборт на працягу 12 тыдняў пасля зачацця, пры сваім жаданні. У наступных месяцах праект закона павінен зацвердзіць парламент краіны.

Каталіцкі Касцёл у мінулых днях шмат разоў сцвярджаў важнасць абароны жыцця ад самага яго пачатку. “Жыццё з’яўляецца святым і боскім”, - напісаў у адкрытым лісце да сената Уругвая, Хайме Фуэнтес, біскуп Мінаса. У лісце іерарх запытаў сенатараў: “што яны хочуць зрабіць з законам аб аборце. Ці не хопіць насілля, якое бачым штодня ў краіне? Хочаце забіць галоўнае жыццё: якое знаходзіцца ва ўлонні маці?”.

Біскуп адзначыў у сваім лісце, што ў краіне ў апошніх гадах паменшылася колькасць насельніцтва. “Ці сапраўды жыццё нявінных стане ахвярай палітыкі? Мы жывём у часах, якія патрабуюць велічы духу. Мы павінны шукаць такія развязкі, якія з’яўляюцца найлепшымі для дадзенай сітуацыі, і Сенат і народ Уругвая маюць магчымасць знайсці іх”, - сказаў біскуп Хайме Фуэнтес.

Дыскусія аб добраахвотным спыненні цяжарнасці вядзецца ва Уругваі ад некалькіх гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.