2012-01-02 14:41:25

Візіт Папы ў Мексіку і Кубу: апублікаваны праграмы прыёму


RealAudioMP3 Біскупскія Канферэнцыі Мексікі і Кубы апублікавалі праграму Апостальскага падарожжа Папы, якое пройдзе з 23 па 29 сакавіка ў гэтых краінах. Папа Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб сваім намеры наведаць вернікаў гэтых дзяржаў падчас Імшы ў інтэнцыі Лацінскай Амерыкі ў базіліцы св.Пятра ў Рыме 12 снежня 2011 г. “Мексіка і Куба радасныя прыняць Папу!”, - паведамляюць эпіскапаты краін. На кантынент Святы Айцец прыбудзе ў другой палове дня ў пятніцу, 23 сакавіка. У аэрапорце штата Гуанахуато Леон на поўначы Мексікі адбудзецца прывітальная цырымонія з удзелам прэзідэнта Феліпэ Кальдэрона. Адтуль Папа накіруецца ў рэзідэнцыю каледжа “Мірафлорэс”, дзе будзе жыць падчас усяго знаходжання ў Мексіцы.

У суботу 24, пасля візіту ветлівасці да прэзідэнта, Папа павітае і паблагаславіць на плошчы "Плаза-дэ-ла-Пас» у горадзе Гуанахуато мексіканскіх дзетак. Кульмінацыяй падарожжа стане Імша раніцай у нядзелю 25 сакавіка – у Парку горада Леон, між 200-гадавымі дрэвамі. Затым у другой палове таго ж дня, у катэдральным касцёле горада Папа узначаліць цэлебраванне Нешпараў з мясцовымі біскупамі і дэлегацыяй святароў і іерархаў з розных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

У наступную раніцу, 26 сакавіка, Папа пераляціць на Кубу. У Сант'яга-дэ-Куба яго сустрэнуць кубінскія біскупы і прэзідэнт Раўль Кастра. У другой палове дня Папа ўзначаліць богаслужбу на вялізнай гарадской плошчы Рэвалюцыі імя Антоніо Масео. Раніцай 27 сакавіка нанясе візіт у базыліку Найсвяцейшай Панны Марыі з Эль Кабрэ для прыватнай малітвы, а затым пераляціць ў Гавану. Тут яго прыме арцыбіскуп горада кардынал Хайме Артэга Aламіно. У другой палове дня па праграме адбудзецца афіцыйная сустрэча з кубінскім прэзідэнтам Раўлем Кастра, а затым ў Апостальскай нунцыятуры – з кубінскімі біскупамі. 28 сакавіка, у апошні дзень візіту, Папа будзе старшынстваваць Імшы на плошчы Рэвалюцыі “Хасэ Марці” Гаваны.

Вечарам Папа накіруецца ў аэрапорт і вернецца ў Ватыкан раніцай 29 сакавіка.








All the contents on this site are copyrighted ©.