2011-12-29 17:07:14

Арцыбіскуп Агосціно Маркето: Беларусь кліча ўсіх да экуменізму


RealAudioMP3 Важнай сёлетняй падзеяй для хрысціян былы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп А.Маркето назваў Міжнародную канферэнцыю ў Мінску “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы”, якога стаў удзельнікам. Яго Экселенцыя па-беларуску вітае слухачоў нашай праграмы: “Віншую ўсіх з Калядамі, з Новым годам, Беларусь!” У форуме, прыгадаем, прынялі ўдзел тэолагі, вучоныя, філосафы, духавенства з 10 краін свету. У ліку арганізатараў - нашы Мітрапаліт Філарэт і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Высокім госцем стаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кард. Курт Кох. Кардынал наведаў праваслаўную літургію і ўзначаліў св. Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі; з ім саслужылі арцыбіскуп Маркето і Кандрусевіч, беларускія іерархі і святары. Яго Экселенцыя Агосціно расказвае: “Катэдра, дзе мы саслужылі Імшу разам з кард. Кохам, непазнавальная. Калі 15 год таму я там цэлебраваў развітальную Імшу, святыня была ўся ў рыштаваннях, у рамонце, - расказвае арц. Маркето.- Наогул Мінск вельмі папрыгажэў. Але самае прыемнае – сустрэць шмат дарагіх твараў, якія, як і мой, пастарэлі, - жартуе іерарх,- але прыгажэюць ветлівасцю, многія людзі працягваюць экуменічную працу з каталіцкага і праваслаўнага бакоў. Мітрапаліт Філарэт асабліва на гэта паўплываў, што адзначыў таксама і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён чалавек, які бачыць будучыню,” - адзначыў госць беларускай праграмы Radio Vaticana.

На маё пытанне, ці не знікае ў небыццё мара хрысціян, усёй інтэлігенцыі, еўрапейцаў нашага пакалення аб Адзіным Еўрапейскім Доме, арцыбіскуп Агосціно Маркето адказаў:
“Усе мы, еўрапейцы, павінны быць перакананыя, што, калі не будзем уз’яднаныя, для нас не знойдзецца месца ў заўтрашнім свеце. Няма ніводнай еўрапейскай краіны, якая зможа ўтрымацца адна, нават Германія. Так што гэта не мара, але жыццёвая неабходнасць. Я заўсёды кажу,- працягвае арцыбіскуп,- што хрысціянскія Усход і Захад Еўропы павінны сустрэцца. Крызіс – гэта нагода для аб’яднання. Як кожная нагода, яна нясе цяжкасці. Але трэба мець цярпенне, асабліва палітыкам і эканамістам. Папа Ян 23 казаў: ”Цярпенне ня ёсць цнатлівасцю. “Як?!”- запытвалі яго і Папа адказваў:- “Цярпенне – гэта сумма усіх цнотаў разам.” “Ясна, што цярпенне, каб здабыць сапраўдныя каштоўнасці з гуманітарнага і хрысціянскага пункту гледжання, павінна быць не пасіўным, але дзейсным,” - падкрэсліў арцыбіскуп Маркето.

Іерарх, успамінаючы высокую постаць кардынала Казіміра Свёнтка, які, багаты гадамі, адыйшоў у вечнасць у гэтым годзе, выказаў пэўнасць, што эстафета экуменізма ў Беларусі будзе падтрыманая маладымі пакаленнямі рэлігійных дзеячаў. “Тое, што заключны канцэрт Канферэнцыі ў Мінску, на якім выконваўся “Рэквіем” Моцарта, быў прысвечаны Мітрапалітам Філарэтам памяці кардынала Свёнтка, - працягвае арц. Агосціно Маркето,- паказвае глыбіню экуменічных пачуццяў, якія пераўзыходзяць смерць. "

“Менавіта я прынёс тады яшчэ не кардыналу, арцыбіскупу Казіміру важную вестку,- успамінае былы апостальскі нунцый у Беларусі.- Памятаю вялікае радаснае здзіўленне, як ён упаў на калені і укленчыў падзяку за сан кардынала да Панны Марыі і усіх Святых, за гэткае высокае прызнанне не толькі яму асабіста, але і цэлай Беларусі. Людзі паміраюць, але пакідаюць нашчадкам ідэі, у ліку якіх адна з важнейшых – ідэя хрысціянскага адзінства. Беларусь – гэта лепшае месца для экуменічнага дыялогу ў краінах былога Савецкага Саюза, што я заўсёды паўтараю, - кажа арцыбіскуп Агосціно Маркето”. І завяршае з Ватыкану па-нашаму: “ Да пабачэння, вітаю з Новым годам!”

Aлена Мартэцкая








All the contents on this site are copyrighted ©.