2011-12-28 14:01:03

Бэнэдыкт ХVI: сям’я - першая школа малітвы


RealAudioMP3 28 снежня ў Залі Паўла VI у Ватыкане Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з вернікамі падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі, апошняй ў гэтым годзе. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў месцу малітвы у жыцці чалавека. Сёння Папа спыніўся на ролі, якую яна мела для Святой Сям’і з Назарэту.

“Дом з Назарэта, па сутнасці, - школа малітвы, у якой мы навучаемся слухаць, разважаць і пранікаць ў глыбокае значэнне аб’яўлення Сына Божага, бяручы прыклад ад Марыі, Юзафа і Езуса. Застаецца памятнай прамова Слугі Божага Паўла VI падчас яго візіту ў Назарэт 5 студзеня 1964 г. Павел VI сказаў тады, што ў школе Святой Сям’і мы разумеем, чаму павінны захаваць духоўную дысцыпліну, калі хочам прытрымлівацца навучання Евангелля і стаць вучнямі Хрыста”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.

Папа нагадаў некаторыя фрагменты Евангелля, у якіх узгадваецца аб малітве і адносінах Святой Сям’і з Богам, аб дзяцінстве Езуса. Папа спыніўся на падзеі ахвяравання Езуса ў святыні. “Бацькі Езуса пайшлі ў святыню, каб ахвяраваць Богу першароднае дзіця. Падарожжа Святой Сям’і - гэта пілігрымка веры, ахвяраванне дароў, сімвал малітвы і сустрэчы з Панам, якога ўжо бачылі ў Езусе Марыя з Юзафам”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў як любіла Марыя Езуса. “У кантэмпляцыі Езусу ніхто не аддаўся з такой стараннасцю, як Марыя”, - сказаў Папа. Пантыфік затым спаслаўся да Евангелля паводле Лукі, у якім адзначаецца, што стаўленне Марыі да таямніцы Уцелаўлення дазваляе нам ўбачыць яе сэрца, яе веру і надзею, паслухмянасць і малітву. “Гэтая выява Марыі з’яўляецца ўзорам для кожнага веруючага, які зберагае словы і дзеянні Езуса”, - сказаў Папа. Ён звярнуў увагу на св. Юзафа як на ўзор малітвы.

“Безумоўна, ён разам з Марыяй вучыў Езуса малітве. У суботу хадзіў з Езусам у сінагогу. Юзаф, згодна з яўрэйскай традыцыяй, кіраваў дамашняй малівай: раніцай, верачам, падчас ежы і ў часе вялікіх рэлігійных святаў. Такім чынам, у рытме дзён, праведзеных у Назарэце, Езус навучыўся на перамену маліцца і працаваць і ахвяраваць Богу таксама намаганні, каб зарабіць на штодзённы хлеб для сям’і”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што жыццё Святой Сям’і было запоўнена малітвай. “Сям’я з Назарэта з’яўляецца першым узорам Касцёла, у якім вакол прысутнасці Езуса і дзякуючы Яго пасрэдніцтву ўсе жывуць у сыноўскіх адносінах з Богам, Які таксама пераўтварае чалавечы адносіны”, - сказаў Папа.

На заканчэнне Святы Айцец адзначыў, што Святая Сям’я з’яўляецца першай іконаю дамашняга Касцёла. “Сям’я з’яўляецца дамашнім Касцёлам, паклікана быць школай малітвы. У ёй дзеці з ранніх гадоў павінны вучыцца ўспрымаць Бога, дзякуючы навучанню і прыкладу бацькоў. Сапраўднае хрысціянскае выхаванне не можа ігнараваць вопыта малітвы. Калі мы не навучымся маліцца ў сям’і, у будучыні будзе цяжка запоўніць гэту пустату. Таму жадаю скіраваць да вас запрашэнне адкрыць нанава прыгажосць сумеснай малітвы у сям’і праз школу Святой Сям’і з Назарэта”. – сказаў Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.