2011-12-27 11:49:40

Нігерыя: тэрарыстычныя акты спрыяюць толькі нянавісці


RealAudioMP3 Урад Нігерыі пасля тэрарыстычных замахаў ісламскіх экстрэмістаў на хрысціянскія храмы у краіне, у якіх загінула больш за 40 чалавек, а дзесяткі былі параненымі, абвясціў, што абмяркуе на спецыяльным паседжанні стан бяспекі ў краіне. Яно адбудзецца на пачатку 2012 г. Жудасны акт вельмі рашуча асудзіў прэзідэнт Нігерыі і міжнародная супольнасць. Папа Бэнэдыкт ХVI падчас малітвы “Анёл Панскі” ў панядзелак 26 снежня сказаў, што гвалт вядзе толькі да болю, знішчэння і смерці. Да асягнення міру вядуць толькі павага, згода і любоў. Арцыбіскуп Абуджы Оларунфемі Онэйкан у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё расказаў, як хрысціяне краіны адрэагавалі на гэты новы ланцуг гвалту з боку ісламскіх эктрэмістаў з арганізацыі “Боко харам”.

“У хрысціянскай супольнасці ёсць шмат вернікаў, запалоханых і разгубленых. Але многія маладыя людзі вельмі раззлаваны. Мы імкнуліся іх супакоіць, і сказалі прадстаўнікам урада краіны, каб улагодзіць гнеў маладых людзей, якія страцілі сваіх родных і сяброў, пераканаць іх у дапамозе з боку дзяржавы. Урад павінен асудзіць тэрарыстычныя экстрэмісцкія групоўкі і іх ліквідаваць. У Міністра ўнутраных спраў краіны, які прыбыў на месца нападу, моладзь запыталася, ці будзе іх абараняць урад краіны, альбо яны самі павінны абараняць сябе і сваю сям’ю”,- сказаў арцыбіскуп Оларунфемі Онэйкан.

Іерарх адзначыў, што большасць грамадзян Нігерыі, як мусульмане так і хрысціяне, жадаюць жыць разам у міры. Сярод ахвяраў былі таксама і мусульмане. “Існуе далей вялікая небяспека, што такія акты будуць ствараць напружанасць і ўзаемную нянавісць паміж хрысціянамі і мусульманамі”,- сказаў арцыбіскуп Абуджы. Ён падкрэсліў, што гэта было б яшчэ большай трагедыяй. “Мы атрымалі вялікае суцяшэнне ад словаў Бэнэдыкта ХVI, які маліўся за наш народ. Спадзяемся, што малітвамі Папы і пры падтрымцы каталіцкаў свету мы знойдзем шглях да супакою”, - сказаў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.