2011-12-25 16:22:38

Сусветная сустрэча каталіцкіх сем'яў 2012 апелюе да гасціннасці міланцаў


RealAudioMP3 У новым годзе Каталіцкі Касцёл правядзе чарговую, ужо Сёмую Сусветную сустрэчу сем'яў, якая адбудзецца ў італьянскім Мілане з 30 мая па 3 чэрвеня. Архідыяцэзія жадае вызначыць 100.000 сем'яў, якія дадуць гасціннасць адпаведнай колькасці сем'яў – удзельнікаў Сустрэчы ў Мілане – да 31 сакавіка.

Як прынагодна растлумачыў дапаможны біскуп Эрмініо Дэ Скальцы ў відэазвароце, размешчаным на афіцыйным архідыяцэзальным сайце, сустрэча мае тэму, якая хвалюе не толькі католікаў : «Сям'я: праца і свята». Іерарх адзначыў, што Божая любоў – вечная і бясконцая, але ў руху часа яна выяўляецца менавіта праз сям'ю.

“ У сустрэчы прымуць удзел не толькі каталіцкія сем'і з розных краін, але і не-хрысціяне і нават неверуючыя – усе тыя людзі, якія вераць у адзінства і ўзаемную адданасць у шлюбным саюзе,- дадаў біскуп.- Таксама сярод іх будуць і тыя, што маюць параненае здрадай сужэнца сэрца,- сказаў прадстаўнік Міланскай архідыяцэзіі.- Газеты, - працягнуў ён, - заўсёды кажуць толькі аб цяжкасцях у сям'і, але ёсць вельмі шчаслівыя сем'і. Я заўсёды падкрэсліваю,-працягваў біскуп, - што, пасля Бога, самым прыгожым на зямлі ёсць сапраўдная сям'я, дзе пара жыве ў каханні. Бог выбраў любоў між сужэнцамі, каб з іх зрабіць знак і таямніцу Сваёй любові. Вядома, -кажа біскуп, - хацелася б правесці гэтую падзею якнайлепш, каб найпрыгажэй выявіць цуд, які адбываецца на нашых вачах, калі збіраюцца разам так шмат любячых сем'яў."

У сваю чаргу цывільныя ўлады паўночнаітальянскага горада пачалі падрыхтоўку да падзеі сусветнага маштабу, для чаго прызначаны спецыяльны упаўнаважаны, як на прынагоднай прэсканферэнцыяі адзначыла намеснік мэра Мілана Марыя Грацыя Гвіда. «Наш горад адкрывае абдымкі для ўсіх, хто прыедзе ", - дадала намеснік мэра.








All the contents on this site are copyrighted ©.