2011-12-25 12:40:53

Бэнэдыкт ХVI: Нованароджанае Дзіця супраціўляецца насіллю і прыносіць мір у свет


RealAudioMP3 24 снежня вечарам Бэнэдыкт ХVI узначаліў вігілійную св. Імшу ў базыліцы святога Пятра. На ёй прысутнічала шмат пілігрымаў з розных краін свету, якія спецыяльна прыбылі ў Вечны Горад з нагоды гэтых святаў. У гамаліі Святы Айцец адзначыў, што людзі перад хрысціянскіх часоў думалі, што “Бог не да канца быў добры і мог быць нават жорсткім” і таму народзіны Езуса, былі сапраўднай “эпіфаніяй”- аб’яўленнем, вялікім святлом, якое з’явілася свету. Бог стаў чыстым дабром.

“Бог аб’явіўся ў постаці дзіцяці. Яно супраціўляецца ўсялякаму насіллю і прыносіць пасланне супакою. Сёння насілле пагражае свету ў шматлікіх месцах і таму мы клічам да Пана: Ты, Моцны Божа з’явіўся як дзіця і паказаў Сябе як Той, які нас любіць і праз Якога пераможа любоў”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “разам з Езусам мы павінны быць будаўнікамі міру. Святы Айцец нагадаў, што насілле надалей існуе ў свеце. Таму мы павінны прасіць Бога, каб паказаў сваю ўладу, каб былі знішчаны жэзлы прыгнятальніка і плашчы, якія ляжаць у крыві, стук ботаў салдатаў і каб мір перамог у нашым свеце.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў 1223 г. св. Францішак з Асізі назваў Божае Нараджэнне “святам над святамі, большым ад усіх іншых урачыстасцей”. “Ён адкрыў у зусім новым значэнні чалавечнасць Езуса. Сын Божы як дзіця, як сапраўдны сын Чалавечы, гэта кранула да глыбіні сэрца св. Францішка, перамянаючы ў ім веру ў любоў”, - сказаў Папа. Пантыфік падкрэсліў, што Каляды гэта “перш за ўсё свята сэрца”

“Сёння Божае Нараджэнне сталася святам магазінаў, якіх ззяючы блеск зацямняе таямніцу пакорнасці Бога”, - сказаў Святы Айцец. Ён адзначыў, што калі мы хочам адшукаць Бога мы павінны пакінуць нашу ўпэўненасць, пыху, якая не дазваляе ўбачыць Бога. “Мы не павінны жыць тым, што матарыяльнае, адчувальнае”, - сказаў Папа. Ён заклікаў вернікаў да малітвы, перш за ўсё, за тых, хто мусяць правесці святы Божага Нараджэння ў галечы і ў цярпенні, як напрыклад эмігранты. “ Няхай аб’явіцца ім промень дабраты Бога, каб кранула іх і нас тая Божая дабрыня, якая прыходзіць з нараджэннем Сына ў яслях”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.