2011-12-23 14:23:27

Спачуванні Папы на вечнае развітанне з Вацлавам Гавелем


RealAudioMP3 23 снежня ў Празе ў кафедральнай базыліцы Святога Віта адбыліся паховіны былога прэзідэнта Чэхаславакіі і Чэхіі Вацлава Гавеля. У часе цырымоніі зачытана жалобная тэлеграма ад Папы Рымскага, якую Бэнэдыкт XVI даслаў у Прагу ў сувязі са смерцю Вацлава Гавеля на імя прэзідэнта краіны Вацлава Клаўса.

“Даведаўшыся з сумам пра смерць былога прэзідэнта Вацлава Гавеля, дасылаю шчырыя спачуванні ў гэты час нацыянальнай жалобы,- піша Папа.- Далучаюся да ўсіх тых, хто ў базыліцы Святога Віта моліцца задушнаю малітвай на ўрачыстым пахавальным абрадзе, каб душа памерлага была прынята да бясконцай ласкi Айца Нябеснага. Помнячы, як мужна спадар Гавель абараняў правы чалавека ў той момант, калі яны сістэматычна адмаўляліся народу Вашай краіны і аддаючы належнае яго дальнабачнасці ў кіраўніцтве і фармаванні новай дэмакратычнай дзяржавы пасля падзення ранейшага рэжыму, дзякую Богу за свабоду, якою цяпер карыстаецца народ Чэхіі, - піша Святы Айцец.
- Як замова духоўнай сілы і заспакаення, сардэчна ўдзяляю маё Апостальскае Благаславенне ўсім, хто смуткуе аб вялікай страце з надзеяй на ўваскрашэнне нябожчыка да новага жыцця!”

Лідэр Аксамітнай рэвалюцыі 1989 года памёр у мінулую нядзелю ва ўзросце 75 гадоў пасля хваробы, якая пачалася ў сакавіку гэтага года.Памінальную імшу з чэшскага боку адцэлебраваў пражскі арцыбіскуп Дамінік Дука і біскуп Вацлаў Малы , шматгадовы сябра Вацлава Гавела, а таксама прадстаўнікі Ватыкана - былы і сучасны апостальскія нунцыі ў Чэхіі біскупы Джовані Коппа і Джузэпэ Леанца з духавенствам. Радкі са Старога запавету падчас памінальнай цырымоніі прачытаў актор Ёзэф Абрахам, які граў адну з галоўных ролей у фільме "Зыход", знятага па аднайменнай п'есе Вацлава Гавела.








All the contents on this site are copyrighted ©.