2011-12-18 14:25:23

Святы Айцец перад “Анёл Панскі”: дзявоцкасць Марыі асвятляе нас святлом праўды


RealAudioMP3 18 снежня перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў памятаць ў гэты перадкалядны час аб таямніцы Божага ўцелаўлення як дары Бога для чалавецтва праз Дзеву Марыю. Падчас сустрэчы з вернікамі на Плошчы св. Пятра Пантыфік заклікаў прыняць у сябе Езуса і Яго Боскае жыццё, што з’яўляецца зместам таямніцы чаканага ўсімі вялікага свята.

"Дарагія браты і сёстры! - сказаў Папа.- У гэтую чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнту літургія гэтага года прадстаўляе нам Звеставанне Марыі. Сузіраючы цудоўны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, калі яна атрымлівае Боскае пасланне і дае свой станоўчы адказ, мы ўнутрана асветлены святлом праўды , якая ззяе з гэтай таямніцы. У прыватнасці, я хацеў бы коратка спыніцца на важнасці дзявоцтва Марыі, на факце, што яна зачала Езуса, застаючыся Дзевай-нявінніцай.

Падзеям ў Назарэце папярэднічае прароцтва Ісаі. «Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Эмануіл» (Іс. 7,14). Гэтае старажытнае абяцанне выканалася поўнасцю ва Ўцелаўленні Сына Божага. Здзейсніўся факт, і Дзева Марыя зачала праз дзеянне Святога Духа, значыць, самога Бога. Чалавечая істота пачынае жыць у яе ўлонні, прымае цялеснае ўвасабленне ад Марыі, але самое Яго існаванне выключна Божага паходжання.

Ён поўнасцю чалавек, выкарыстоўваючы біблійны сімвалізм, зроблены з пылу, але прыйшоўшы з вышыні, з Нябёсаў. Факт, што Марыя зачынае, застаючыся дзеваю, з'яўляеецца асноўным і для знаёмства з Езусам, і для нашай веры. Ён сцвярджае, што гэта ініцыятыва Боская і, галоўнае, выяўляе, Хто быў зачаты.
Як гаворыць Евангелле:"Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым" ( Лк. 1.35) У гэтым сэнсе дзявоцкасць Марыі і боскасць Езуса ўзаемна сцверджаны. Вось чаму так важна тое адзінае пытанне, якое вельмі ўсхваляваная Марыя звяртае да анёла: "Як станецца гэта, калі я мужа не спазнала?" (Лк. 1,34). У сваёй прастаце Марыя выяўляе мудрасць: яна не сумняваецца ў сіле Бога, але хоча лепш зразумець Яго волю, каб у поўнай меры адпавядаць гэтай волі. Таямніца бясконца пераўзыходзіць Марыю, але займае ідэальнае, цэнтральнае месца, якое было прызначана. Яе сэрца і розум абсалютна пакорлівыя; і менавіта дзякуючы яе пакорлівасці Бог чакае ад яе "так" на стварэнне гэтага дзіцяці, каб выканаць Свой план. Ён паважае яе годнасць і свабоду. "Так” Марыі выяўляе адначасова Яе матчынасць і некранутасць, каб усе Яе якасці паслужылі на славу Бога, і каб Сын, Які народзіцца з Яе, стаўся поўнасцю дарам ласкі."

"Дарагія сябры, дзявоцкасць Марыі з'яўляецца ўнікальнай і непаўторнай, але яе духоўны сэнс распаўсюджваецца на кожнага хрысціяніна. Гэтая таямніца, па сутнасці, спалучана з верай: на самай справе, той, хто давярае сябе Боскай любові, прымае праз дзеянне Святога Духа ў сабе Езуса і Яго боскае жыццё. Гэта таямніца Калядаў! Я жадаю ўсім вам пражыць яе з вялікай радасцю!»

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец падзяліўся з вернікамі сваімі думкамі: «Дарагія браты і сёстры, учора ў Мадрыдзе былі абвешчаныя благаслаўлёнымі 22 місіянеры-аблаты Марыі Беззаганнай і свецкі чалавек, забітыя ў Іспаніі ў 1936 годзе толькі таму, што былі дбайнымі сведкамі Евангелля. Да радасці з нагоды іх беатыфікацыі далучаецца надзея, што іх ахвяра працягвае і сёння прыносіць шмат плёну навернення і прымірэння."

"Хачу запэўніць у маёй блізкасці насельніцтва паўднёвых Філіпін, што пацярпелі ад трапічнага ўрагана. Малюся за ахвяр, у асноўным дзяцей, за тых, што згубілі дамы і прапалі без вестак",- сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.