2011-12-17 12:15:08

"Чалавек у секулярным грамадстве". Адметнасці сапраўднай веры


Вітаю Вас, шаноўныя слухачы, у нашай чарговай перадачы, прысвечанай разважанням над жыццём хрысціяніна ў секулярным, свецкім грамадстве. У нашых папярэдніх радыёспатканнях мы звярнулі ўвагу на тое, што вялікім пытаннем сучаснасці з’яўляецца дыскусія аб месцы і ролі рэлігіі ў грамадскім жыцці. Прыхільнікі секулярызма схіляюцца да меркавання, што адносіны паміж чалавекам і Богам належыць цалкам спіхнуць у сферу прыватнага жыцця асобы. У той жа час крытыкі выцяснення рэлігіі звяртаюць увагу на драматычныя наступствы агрэсіўнай секулярызацыі мінулага стагоддзя. Яны сцвярджаюць, што дэхрысціянізацыя або атэізацыя некаторых грамадстваў дала пачатак крызісным працэсам спачатку ў духоўным жыцці, пасля - маральным, а нават і сацыяльна-эканамічным. Існуе таксама нямала прыхільнікаў погляду, што менавіта агрэсія адносна веры ці нейкай канфесіі нагнятае радыкальныя, небяспечныя настроі сярод людзей з нізкай духоўнай культурай. Гэта можа спрыяць выкарыстанню рэлігійнага фактару ў распальванні канфліктаў і тэрарыстычнай дзейнасці.

Здаецца, сёння мы жывём у часы, калі многія людзі ўсведамляюць гістарычную праўду аб тым, што нягледзячы на спробы пераследу і выцяснення, рэлігія працягвае адыгрываць важную ролю як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці чалавека. У сувязі з гэтым многія сучасныя мысліцелі спяшаюцца акрэсліць XXI стагоддзе як эпоху адраджэння рэлігійнасці, новае сярэднявечча, постсекулярны век.

У межах нашых разважанняў мы не шукаем нейкіх ацэнак сучаснай эпохі, але стараемся прыгледзецца да таго, як і чым жыве хрысціянін у супярэчлівых умовах сённяшняга часу. Менавіта таму ў папярэдняй перадачы мы паспрабавалі дыягназаваць стан духа сучасных вернікаў. Назіраючы за рэлігійнай свядомасцю і практыкай, нам удалося выдзяліць пяць катэгорый веруючых людзей, пачынаючы ад глыбока перакананых і заканчваючы змагарамі супраць веры.

Сёння я хацеў бы запрасіць вас засяродзіць увагу на першай з выдзеленых намі катэгорый вернікаў. Да яе належаць асобы, якія ў звычайным жыцці акрэсліваюцца як “глыбока веруючыя”, “сапраўдныя хрысціяне”. Яны не толькі свядомыя вызнаўцы Езуса Хрыста, але выражаюць гэта ў канкрэтнай рэлігійнай практыцы, канкрэтных учынках.
Аналізуючы тоеснасць глыбока веруючых католікаў, можна выдзеліць у іх рэлігійным жыцці дзве асноўныя прыкметы. Гэта вернасць і трываласць. Вернасць з’яўляецца дынамічным элементам веры. Яна выражаецца ў скіраванасці, памкненні, якое мае перадусім міжасабовы характар. Сапраўдная вернасць – гэта вернасць адносна кагосьці. Таму каталіцкая вернасць – гэта перадусім вернасць Богу як Асобе Айца, Сына, Духа. Гэта таксама вернасць бліжняму, іншаму чалавеку. Гэта вернасць сабе, сваёй ідэнтычнасці.

Вернасць вельмі моцна пераплятаецца з трываласцю. Калі мы гаворым пра трываласць, то маем на ўвазе тыя прынцыпы, фундаменты, на якіх трымаемся, якія забяспечваюць нам стабільнасць і непахіснасць. Таму трываласць, у адрозненні ад вернасці, можна назваць элементам статычным, нязменным. У рэлігійнай сферы яна выражаецца ў будаванні свайго жыцця на асновах вучэння Бібліі і Касцёла, выкананні Божых і Касцёльных запаведзяў, захаванні норм хрысціянскай веры і маралі. Тут заўважаем яшчэ адно адметнае адрозненне паміж вернасцю і трываласцю. Калі вернасць датычыць кагосьці, асобы, то трываласць адносіцца да чагосьці, да прынцыпаў.

Верны католік будуе сваё жыццё на падмурках вернасці і трываласці. Менавіта ў іх святле належыць разглядаць свядомасць і практычнае выражэнне веры.

Калі гаварыць пра змест рэлігійнасці вернага і трывалага католіка, то перадусім варта падкрэсліць ролю адкрытасці і жаданне пазнаваць. Як паўтаралі многія старажытныя Айцы Касцёла, сапраўдны хрысціянін – гэта не той, хто стварае, прыдумвае, але той, хто перадусім адкрывае. Сур’ёзная вера – гэта жаданне адкрыць дар і таямніцу асобаў Бога, бліжняга, самога сябе. Гэта ўменне не толькі пазнаваць, але і намаганне, каб зразумець сэнс і значэнне кожнага Божага дару, Яго волі, Яго плану. А вяршыняй свядомай веры становіцца прыняцце пазнаных праўдаў веры як сваіх асабістых, прыняцце Божай мудрасці і волі з асабістым перакананнем. У звычайным жыцці такіх людзей называюць перакананымі хрысціянамі.

Вера свядомая і прынятая з перакананнем натуральным чынам імкнецца да самавыражэння ў рэлігійнай практыцы, літургіі, сведчанні перад іншымі людзьмі. Сучасны католік, уваходзячы ў супольнасць святога Касцёла, сустракаецца з багаццем яго знешніх выразаў і сімвалаў. Свядомая вера патрабуе пазнавання, адкрыцця сэнсаў, адлюстраваных у сімвалах, літургіі, традыцыі і звычаях Касцёла. Гэтае багацце можна адкрыць між іншым святкуючы па-хрысціянску Божае Нараджэнне. У сувязі з набліжэннем гэтых прыгожых святаў, якія заахвочваюць нас схіліцца перад таямніцай Божай Любові, хочацца пажадаць вам, шаноўныя радыёслухачы, вернасці Богу і трываласці ў веры Касцёла. Няхай узрастае нашая хрысціянская свядомасць, а практычнае сведчанне аб Хрысце, няхай спрыяе ўмацаванню духоўнай ідэнтычнасці кожнага, каго Бог паставіць на нашым жыццёвым шляху.








All the contents on this site are copyrighted ©.